
- Добры вечар, - сказала Алiмпа.
Зыгмусь астаўся сядзець, трымаючы яе руку, адно адхiлiў галаву. Гаворка мiж iмi ўсiмi доўга не клеiлася. Нарэшце Зыгмусь сказаў:
- Абабраў iгрушы, Фэлька?
Голас яго быў неспакойны, узнерваваны.
- Не ўсе. А ты?
- Таксама. У мяне мала ёсць што абiраць. Вусень, каб ён павыдыхаў, увесну быў увесь сад аб'еў.
Голас яго спакайнеў, шпарка рабiўся раўнейшым. Агата ўздыхнула, забрала ад Зыгмуся руку. Ён хацеў затрымаць, але яна была ўпартаю. Аглянуўся на Фэльку - Алiмпа сядзела каля яго нерухома. Але заўважыў ён - Фэлька гладзiць яе руку, зусiм не гледзячы ў той бок.
- Дзе ж Асташонка падзелi? - запытаў зайздросна Зыгмусь Чухрэвiч.
- Прыстаў да канпанi.
Зноў зачамярэла на сэрцы ў Агаты. "Нашто ён успамiнае пра Асташонка? Якi нячулы. А можа назнарок? Але дзе яму назнарок, каб i хацеў укалоць - не здагадаецца".
- Трэба iсцi, - сказала Алiмпа.
Устала i развiталася з Агатаю i Зыгмусем за руку. Фэлька пад руку павёў яе. Ноч маўчала, прачышчаючы неба. Высвечвалi зоры, вырысоўвалiся абрысы садоў i хат. Агата ўстала iсцi. Зыгмусь узяў яе пад руку. Пастаялi гэтак, i ён сказаў:
- Заўтра атаву забiраць буду.
Ёй хацелася зноў сесцi, але каб ён пасадзiў яе. А ён стаяў, трымаючы далiкатна яе пад руку. Тады яна злосна загаварыла:
- Заўтра атаву забiраць?
- Але.
- А груш мала ёсць у садзе?
- Зусiм мала.
- Вусень пааб'ядаў?
- Але, каб ён павыдыхаў.
Ён правёў яе да сянец. У сенцах доўга цалаваў, стала i далiкатна, аж пакуль не застукаў варотамi Фэлька. Тады пайшоў, пагаварыўшы трохi з Фэлькам на двары каля сянец. Счакаўшы, пакуль Фэлька ўкладзецца спаць у каморы, Агата яшчэ выйшла на вулiцу. Маладзеж разыходзiўся. Дзяўчаты шапталiся, i невыразны шэпт iх далёка чуваць быў у чулай цiшынi вераснёвай ночы. Чуваць быў там i вясёлы голас Асташонка.
