
I Асташонак нечага там трэцца ўсё. Але дзе ён не трэцца, куды ён не ўлезе. Нiдзе спакою не дасць. Нiякай сталасцi не мае i, мабыць, нiколi чалавекам не будзе. Што за карысць, што малады i прыгожы, калi кручаны i невядома калi пасталее. Яшчэ гатоў i Фэльку напсаваць як-небудзь; i чаго Фэлька не патурыць яго, гада - ходзiць ды хвалiцца, што абармотам стаў за тры рублi. Вiсус, пошкудзь гэтая... Няхай бы Фэлька браў сабе Алiмпу, што яму, маладому, жыць так. I ў хаце ладней было б... Цябе Зыгмусь, кажа, будзе на руках насiць. Зыгмусь хоць стары чалавек, усё ў яго ў парадку, i нiкому ён прыкрасцi не зробiць, i пальцамi на яго людзi не паказваюць... I кахае мяне. I па-суседску з Фэлькам будзе жыць - усё будзе душа ў душу. Добра ўсё будзе... Бо i праўда - дарэмна я часам на Фэльку сярдую, ён па-брацку ўсё хоча, каб як найлепей. I што я нагавару яму, дык ён усё змоўчыць. Хiба ён кепскi брат? Нiчога сабе каторы ўжо год не спраўляе, а мне колькi гарнiтураў накупляў. Добры ён, добры. А я крыўджу яго часам, сама не ведаючы, за што. Ён жа сапраўды - калi мяне з хаты збываў? Здаецца ўсё мне. З Зыгмусем з малых дзён дружыць. А каб Зыгмусь быў кепскi, дык хiба ён дружыў бы з iм... А Асташонак... Што там Асташонак!..".
Аднак вострым сумам на момант сцiснулася сэрца. I зноў цiхi прастор палявой восенi агарнуў спакоем душу.
Плыў водар павольнага канання травы i кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў.
V
Моцна стукалi аб зямлю яблыкi. Пахлi загарэлыя вiнёўкi i недаспелыя бэры. Каля платоў расцвiтала бабiна лета. Куры склёўвалi садовую макрыцу, у двары каля студнi плюхалiся качкi. Каля прыгрэбкi Стасюк адкусваў па дробцы ад хлебнай скарынкi i кiдаў курам. Куры хваталi ежу i з зайздрасцю дзяўблi адна адну ў галаву. Тут жа старалiся пажывiцца вераб'i. Кiдаючы крошкi, Стасюк гукаў, каму кiдае. "Гэта табе, Тадора", - заяўляў ён старой, валяватай i кашлатай курыцы. "А ты, Рыжы Яначка, не хватай, калi табе не кiдаюць", - злаваў ён на шчуплага, абскубленага ў бойцы, маладога пеўнiка. "Чаму Чарнявы Рыгор не крадзе чужога?" Але Чарнявы Рыгор у гэты час падскочыў Стасюку пад ногi, каб адабраць у Тадоры крошку. Тадора ўцякла, а якраз папаўся Рыжы Яначка. Дык Чарнявы Рыгор i дзеўбануў Рыжага Яначку ў галаву, аж у таго замакрэў ад крывi грэбень. Стасюк кiнуўся ў плач: