
- Цёця Агата, чаму Чарнявы Рыгор, каб ён выдах, Рыжага Яначку чуць не забiў!
Агата паволi iшла па садзе да Стасюка, жмурачыся ад сонца i смеючыся.
- Якога гэта Рыжага Яначку? - пытаўся Фэлька, высунуўшыся з сянец з квартаю недапiтага квасу.
- Певень гэта ў яго завецца.
Фэлька паставiў квас на лаўку каля дзвярэй, падышоў да Стасюка з свежым тварам пасля святочнага дзённага сну, у новых галiфэ, босы яшчэ. Прыгарнуў Стасюка да сябе, смеючыся сказаў:
- Эх ты, сынку... Байбас ты свавольны.
Пагладзiў па галаве, пайшоў у хату адзявацца, радасны i спакойны. Агата падхапiла Стасюка на рукi, жартаўлiва панесла ў сад, цалуючы яго ў бялявыя валасы. Стасюк трапятаў нагамi, вырываўся, весела рагатаў.
- Ах ты, свавольнiк. Буслянё ты цыбатае. Малы, смешны ты, Стасюк.... свавольнiк.
Выцалавала яго ў твар, у галаву. Пасадзiла на траву, гладзячы па галаве.
- Цёця Агата, яшчэ.
- Чаго?
- На рукi.
- Бачыш ты, пястун. Цяжкi ты.
- А-ай!
Зноў песцiла яго, аж пакуль яму надакучыла. Тады пусцiла яго гуляць на вулiцу. Перасадзiла цераз нiзкi паркан i глядзела, як пабег ён на той бок вулiцы i пылiў па зямлi босымi пятамi. Доўга глядзела на яго. I пайшла па садзе, сумуючы па сваiм, няведаным, дзiцяцi. Здавалася - усе думкi былi б аб iм i апраўданы сталi б усе трывогi i буры яе нездаволеных шуканняў. Жаданнi сталi б выразнымi i даўгавечнымi.
I зноў патрэбна стала песцiць Стасюка.
- Стасюк, сюды бяжы.
- Не.
- Бяжы, сыночак... Хадзi.
Выйшла на вулiцу, узяла на рукi. Там жа ў садзе гладзiла яго па галаве, цалавала ўсяго. Трохi здзiўлены Стасюк заплюшчыў вочы, пакiнуў смяяцца. Маўчала i яна, тулячы да сябе малога. Пасля павяла ў камору, кармiла павiдлам i ўсё думала, чым бы яго, малога, узрадаваць.
