
Фэлька глядзеў з сянец у камору i рад быў гэткай ласкавасцi сястры да яго сына:
- Нашто ты яго распешчваеш гэтак?
- А хто ж яго, сiрату, папесцiць.
Фэлька аб нечым думаў пасля, гледзячы цераз паркан у сад. Потым увайшоў у хату, выправiў Стасюка гуляць i нясмела пачаў гаварыць. Смуглявы твар яго быў нервовым, як нiколi раней, голас - цiхiм, немагушчым нейкiм. Гаворачы, глядзеў ён на каляровую, вытканую Агатаю посцiлку, што паслана была каля стала на падлозе. У вочы ж Агаце ён нi разу не глянуў.
- ...Што ж, Стасюк, добра ты кажаш, сiрата... Памерлага з магiлы не паднiмеш... Як я яе нi кахаў, а нiчога парадзiць нiхто не можа... Як гляну на Стасюка, дык i стаiць яна ўваччу ў мяне, дагэтуль забыць не магу... Астаўся малы, небарак, сiратою.
Патроху дагаворваўся да самага важнага:
- Ты ж ведаеш... дагадваешся даўно... Алiмпа за мяне замуж iдзе.
Тады Агата крыўду цi знявагу да брата пачула ў яго ж словах:
- А чаму ёй не iсцi за цябе? Ты гаворыш гэтак, як бы яна робiць табе ласку, што iдзе за цябе.
- Не, не.
- Што ж ты... Няхай дзе лепшага знойдзе. Якi з цябе ўдавец! Ты сам не ведаеш сябе...
Радасны Фэлька разгаварыўся, але быў вельмi далiкатным з сястрою, нават сказаў, што з Алiмпаю яны павiнны ладзiць, бо Алiмпа надзвычайна ласкавая i добрая; што ўся сям'я ў iх вельмi паважная, i Алiмпа iнакшаю быць не можа...
Доўга гаварыў узбуджаны Фэлька, а яна стаяла каля акна, напроцi печы, за няшчыльнаю перагародкаю з пабеленых цалёвак i думала, што брат нечага не выказвае цi не можа выказаць. Можа i сапраўды гэта будзе лепш i для яе, i для яго - што нiбыта такi намерылася яна iсцi за Зыгмуся Чухрэвiча. I яна будзе мець дзiцё, i яе будзе кахаць i шкадаваць... Зыгмусь Чухрэвiч.
