На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомнiла, як вельмi шмат сваталася да яе, вельмi шмат уздыхалi па ёй, але нiхто не падабаўся, а без кахання замуж iсцi не хацела. Так i прайшла першая дзявочая маладосць. I другая на сконе... цяпер жа яна ўсiм падабаецца, але ўсе на шмат маладзейшыя за яе хлопцы: старэйшыя ж усе пажанiлiся.

Старалася яна перамагчы ўсе вялiкiя трывогi свае i заспакоiць неспакойнае сзрца.

Неўспадзеўкi думка адна зноў кальнула яе: "Дзiцянё можна мець i не iдучы за Зыгмуся Чухрэвiча. Я ж сама сабе тут у брата гаспадар. Палавiна ўсяго - маё ж тут. Дый Фэлька - слаўны брат, наўздзiў добры i памяркоўны"...

Але ўсё сплывала пад цвёрдым поступам жыццёвых устанаўленняў. I замест бунтоўных думак прыйшоў спакой душы i сэрца.

Фэлька зваў прайсцi разам па вулiцы. Падхарошыўшыся перад люстэркам, пакiнулi яны Стасюка гуляць з дзецьмi ў зачыненым садзе i пайшлi цiхаю i люднаю па-святочнаму вулiцаю. Пайшлi да Алiмпы i з ёю, каля яе хаты, на вулiцы, селi ўтраiх.

VI

Уночы быў вецер i дождж i шмат атраслося недаспелых антонавак, вiнёвак i бэраў. А назаўтра, у нядзелю, з самага ранку расчысцiлася неба i сонца пачало прасушваць зямлю. Атрэсеныя яблыкi i грушы насыпаны былi ў сенцах каля сцен i пахлi на ўсе сенцы i хату. У хаце ад гэтага здавалася яшчэ шумней i цясней. Гасцей было цэлае застолле. Фэлька пазваў Алiмпу з бацькам i маткаю i Зыгмуся з братам i яго жонкаю. Было падобна на заручыны дзвюх пар. Гаспадарыла каля стала Агата, радасная Алiмпа, смеючыся i паглядаючы Фэльку ў вочы, расставiла талеркi i яшчэ нешта памагла Агаце. Агата села за стол пазней за ўсiх. Алiмпа сядзела каля Фэлькi. Агата каля Зыгмуся. Пiлi вiшнёўку, i Зыгмусь паважна расказваў, што гэты год у яго шмат вiшань, i дрэнна, што нiхто не здагадаўся паставiць настойкi.

- Каму гэта ў голаў, - таксама павольна дапамагаў яму брат.

- У гаспадарстве ўсё добра i ўсё патрэбна, - падтрымлiваў гаворку разбiтны Алiмпiн бацька.



15 из 19