
Але было жаданне, папаласкаўшы бялiзну, нiчога не рабiць, i з гэтым жаданнем даводзiлася змагацца. Уночы не спалася, i цяпер з'яўлялiся адзнакi лёгкай дрымоты. Часта пазяхалася i соладка хацелася, каб вецер абвеяў гарачую голую шыю i плечы. Каленi пачыналi злёгку дрыжаць, i твар гарэў. У целе запаноўвала гарачая разамлеласць. Учынак Асташонка з трыма рублямi пачаў трацiць сваю вастрату, i зусiм згiнулi думкi пра крыўду на тое, што нельга адпомсцiцца яму, падаўшы на суд цi ўжыўшы якiя-небудзь iншыя захады. Усё гэта забывалася, i хацелася як найхутчэй, каб нават i не ўспомнiць пра гэта, як пра нешта калючае, непрыемнае. Асташонак зноў здаваўся прыгожым i прывабным. I побач з iм горш яшчэ, як раней, непрыемным паўстаў уваччу Зыгмусь Чухрэвiч, што паўтара гады ўсё дамагаецца, каб узяць яе замуж, i на гэтым тыднi прыходзiў у нядзелю, выфранчаны i далiкатны. Раней, як Фэлька быў яшчэ хлопцам, яны дружылi вельмi, з самых малых год сваiх. Пасля бурна разышлiся з-за дзяўчыны, якой абодва дамагалiся i якая, урэшце, пайшла замуж за Фэльку. А Фэльку не давялося з ёю доўга пажыць - нарадзiўшы Стасюка, яна неўзабаве памерла. Тады ўсё забылася. Зноў у iх пачалося нешта падобнае да дружбы, а пасля Зыгмусь пачаў прыглядацца на Агату. Яшчэ за некалькi дзён да Асташонкавай трохрублёўкi Фэлька гаварыў ёй:
- А можа i сапраўды табе пайсцi замуж за Зыгмуся. Ён цябе будзе кахаць i глядзець.
А яна адказала:
- Што ты мяне хочаш з хаты збыць?! Калi ты хочаш жанiцца, дык я табе ўпоперак дарогi не стаю.
Фэлька па-вiнаватаму паморгаў вачыма i мякка сказаў:
- Што ты выдумала? Хiба я не магу з табою гаварыць як з сястрою пра ўсё?
- А от i не можаш пра ўсё. Не маеш права.
- Чаго ты злуеш?
- Не ўмешвайся ў чужыя справы.
Тады зазлаваў i ён.
- Я табе як добра, а ты чорт ведае што! Колькi сваталася, нiхто даспадобы не даходзiць. Усё перабiраеш. Табе ж цi не трыццаць год ужо?