- Ну, я ж казала, што ты мяне з хаты збываеш!

I яна пайшла злосная. А вечарам яны абое зрабiлi выгляд, што нiчога не было. Так уся гэтая прыкрасць i скончылася. А тут Асташонак, малады i вясёлы, трохi жулiкаваты, заўсёды стараўся злавiць яе i на вулiцы i на полi. I поўнiў яе агнямi суму здаровай перарослай дзяўчыны. У той дзень, калi здарыўся гэты яго ўчынак з трохрублёўкаю, ён назнарок прыбег праз агароды памагаць ёй складаць атаву, заўважыўшы яе каля гумна. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль яна, чуючы, што трацiць волю сваю перад iм, не прагнала яго. У той жа вечар ён i з'явiўся купляць самагонку.

Палошчучы бялiзну, яна змагалася сама з сабою. Падабалася сама сабе; глядзела ў ваду; чула разамлеласць па ўсiм целе i як усё больш i больш прытуплялiся i ападалi думкi. Губiлася ўсялякая воля i цвёрдасць.

Стукалi ў садзе вобземлю яблыкi i грушы, спелi арабiны. Цякла пахам моцная мята. Асеннiя мухi гулi каля сяней, сiнiя i вялiкiя. Стасюк на вулiцы, па той бок студнi, боўтаецца ў лужы. Вулiца была цiхаю, дрымотнаю. I без дай прычыны захацелася ёй пакрычаць на Стасюка:

- Стасюк, iдзi ў двор!

II

Зыгмусь Чухрэвiч бедаваў, што вусень пааб'ядаў вясною лiсце ў садзе, i цяпер няма садавiны. Агаце прыкра было слухаць яго павольную гаворку, бачыць, як ён стараўся быць перад ёю дасцiпным. Гальштук у яго быў вузенькi, у зялёную палоску, вельмi туга нацягнены на цвёрдай манiшцы i раней за ўсё кiдаўся ў вочы. Гарнiтур быў нiшто, але няспрытна вельмi ж сядзеў, мусiць, адтаго, што манiшка i цвёрды каўнер усё роўна як звязвалi чалавека. Гамашы былi выглянцаваныя, але запыленыя. Фэлька быў адзеты прасцей i з самага ранку нiкуды не выходзiў з хаты. Гаворачы з iмi абодвума, Агата неўзаметкi паглядала ў люстэрка, што вiсела насупроць на сцяне. Мокрыя яшчэ валасы пахлi дарагiм мылам, i здавалася, што гэта пахне блакiтненькая шпiлька, што гэтак прыгожа сцягвала белы гафтаваны каўнер сiняй блузкi. Стасюк ацiраўся каля вялiкiх i ўсё дурыўся:



5 из 19