- Цёця Агата, есцi.

- Ты ж еў кагадзе.

- Зноў хачу.

Зыгмусь Чухрэвiч памог ёй адчапiцца ад Стасюка.

- Няможна так часта есцi, няздорава.

- Чаму?

- Няздорава на жывот.

- Сапсуецца жывот?

Фэлька ўзяў Стасюка за руку i вывеў на двор. Вiдаць было праз вокны павёў у сад, каб абы адчапiўся ад Агаты. Зыгмусь Чухрэвiч падкруцiў вусы, дастаў з кiшэнi партабак з бярозавай чачоткi i дастаў тоненькую папяросу. Пакуль трымаў у пальцах, Агата, гледзячы, думала, што ў яго прыгожыя рукi тонкiя i белыя зверху. I, закурваючы, ён зноў пачаў бедаваць, што вусень аб'еў сад. Гаворка яго была вялая, кожнае слова як бы абдуманае. "Здаецца, памагла б яму", - думала Агата, падышоўшы да люстэрка i папраўляючы грабянi ў валасах. У хаце была прыемная хмурнасць, - неба ў той дзень было шэрым, але высокiм. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамi садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры i вiнёўкi. Цыганкi чырванелi над плотам i над страхою прыгрэбкi. Нават запозненыя спасаўкi падалi яшчэ на траву i разлiвалiся ў ёй зялёным кiсялём.

- У вас добра сад захаваўся ад вусеня, а ў мяне дык каб, скажам, на завод яблыка адно.

Агата ўздыхнула.

- Чаго вы, панна Агата, уздыхаеце?

- Нiчога, так сабе.

- Мусiць, сумна чагосьцi?

Агата глядзела, як ад усмешкi пайшло ў яго па твары шэсць вельмi сталых зморшчкаў, па тры з кожнага боку, i схавалiся яны канцамi сваiмi ў вясёленька падкручаных вусах.

- На фэст, панна Агата, не збiраецеся?

- Не думала яшчэ. Можа i пайду.

- Можа разам пойдзем?

- Будзем бачыць.

- Сядайце, панна Агата.

- Дзякуй, у сваёй хаце можна пастаяць.

I тут яна падумала, цi не сказала чаго лiшняга, можа за тон гаворкi яе пакрыўдзiцца кавалер. Тады ветлiва, наколькi льга было, усмiхнулася:



6 из 19