- Вы таксама нейкi сумны.

- Не, чаго ж я. Сядайце.

Ён устаў з доўгага памалёванага столка i паставiў яго каля яе. Агата села. Ён сеў поплеч яе, заглядаючы ёй у вочы.

- Пра што вы думаеце?

- Вам трэба ведаць?

- Трэба.

- Нашто вам ведаць?

- Панна Агата...

- Што?

- Эх, панна Агата...

Падсунуўся блiжэй, узяў пад руку, пацалаваў яе кароткiя пальцы. Казытнуў вусамi яе цудоўную шыю.

- Панна Агата, панна Агата...

Яна выцягнула з яго рук сваю руку, адсунулася далей.

- Панна Агата!

Губы яго траслiся, вочы зелянелi нерухомымi iскрамi, твар чырванеў.

У сенцах затупаў Фэлька, увайшоў у хату. Агата пайшла ў мыцельнiк, за перагародку з цалёвак, нiбы мыць мiскi.

Зыгмусь Чухрэвiч расказваў Фэльку:

- ...Дык я i кажу яму перад усiмi - гад ты, кажу, печаны, хамула ты дурное. Хамут! Чым ты, кажу, хвалiшся? Што за тры рублi абармотам зрабiўся?! Знайшоў чым хвалiцца, выбачайце за слова, дурнiла. Я яму так i сказаў. Не сцерпеў.

- Каму гэта? - трасучыся ад незразумелай крыўды, болю i тупой цяжкасцi на душы, крыкнула з мыцельнiка Агата.

- Асташонку.

Агата кiнула мiскi, з мокрымi рукамi кiнулася на двор. Пабегла ў сад, дзе пад бэрамi сохла капа садовай атавы. Упала галавою ў сена, калоцячыся ад бурных слёз.

III

Фэлька стаяў у варотах i чэзнуў па чарнавокай Алiмпе. Вечар быў цёмны. Агата сядзела каля хаты. Асташонак хадзiў з Алiмпаю па вулiцы. Непадалёку каля нечай хаты гуляў маладзеж. Фэлька не вытрымаў i падаўся да Алiмпы i Асташонка.

Пасля дзённага дажджу пахла жвiраватае каменне, маўчалi платы i хаты.

Дзяўчаты i хлопцы заспявалi. Фэлька, Асташонак i Алiмпа недзе знiклi з вачэй. Агата пачухала левы локаць, сцiшылася каля сцяны. Дзяўчаты на вулiцы зарагаталi. Агата пазнала iх па галасах. Падумала: "Як павыросталi, яшчэ летась у парваных андараках каровы пасвiлi, а гэта ўжо з хлопцамi гуляюць".



7 из 19