Прыкрасць нейкая находзiла на яе. З'яўляцца пачалi думкi - пайсцi ў гурт маладзяжу. Але ўспомнiла - няма там аднагодкаў ёй, усе маладзейшыя. Брат Фэлька нiколi не ўпiкаў, што сядзiць яна дома, колькi сваталася - нi за кога iсцi не хацела, усё па густу выбiрала сабе i нiяк выбраць не магла. Хiба ж ён асмелiцца ўпiкнуць яе гэтым? А ўсё ж думкi ў яго ўсялякiя могуць быць... I чаму якраз Фэлька на думку ўзбрыў, хiба самой ёй нiчога гэта не абыходзiць?.. I чаго яны рагочуць так весела, гуляюць гэтак заўзята, гэтыя цыбатыя падлеткi? Можна падумаць, што i сапраўды паненкi цiкавыя. Прыкрасць сцiснула сэрца. Прыцiснулася плячыма да сцяны i чакала.

Гарэла святло ў хатах. Iшла ноч. Маўчала восень у садах i агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лiсця. Якую ж ноч прынёс верасень!

"Спаць iсцi", - узышоў чэмер думак, але ведала, што не засне.

Далонi рук пачалi гарэць. Ноч схавала ружовасць твару, маўчанне нервовую трывогу цела.

Дзяўчаты зноў заспявалi. I паважныя крокi скiнулi з яе забыццё.

- Панна Агата?

Зыгмусь Чухрэвiч пакруцiў вусы i сеў.

- Чаго вы маўчыце, панна Агата?

Падсунуўся блiжэй, памаўчаў i ўзяў за руку. Яе маўчанне надавала яму смеласцi. Палажыў руку ёй на плячо. Падсунуўся яшчэ блiжэй, аж прыцiснуўся i абняў адной рукою.

- Чаго панна Агата так дрыжыць?

I пачаў цалаваць шыю.

- Панна Агата, панна Агата.

Ад дзiкай радасцi не памятаў ён, што робiць, - Агата не адсунулася ад яго, як заўсёды, не адабрала рукi сваёй, а нават, здалося яму, схiлiла ў яго бок галаву. I ўжо зусiм выразна пачуваў ён, што гарэла яна тысячамi агнёў. З кожнай хвiлiнай ён рабiўся смялейшым.

- Згалi вусы, - сказала яна.

- Нашто?

- I курыць пакiнь.

- Чаму?

- Нядобра чуваць дымам гэтым, перагарам.

Дзве цёмныя постацi з'явiлiся на вулiцы - Фэлька i Алiмпа. Асташонка не было з iмi. I гэта кальнула Агату, пасля ўзрадавала. Фэлька i Алiмпа падышлi i селi.



8 из 19