Вастраносы дзед часам устрапянецца:

- Здаецца, прыехаў нехта.

I кiнецца да акна. А там - суседскi конь залапатаў капытамi па апошняй замакрэлай мерзлаце i прыпынiўся пачухаць аб вароты шыю.

Хто i адкуль пад'едзе пад гэтую хату? Стары i не чакае...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Другi стары - сусед - прыходзiць да вастраносага пагаварыць. Вастраносы сустракае:

- Выпi, суседзе, шклянку чабру.

- Ат, можна абысцiся. Цукар дораг.

- Што там, у мяне два кавалкi яшчэ захавалiся.

- То няхай захоўваюцца. Давай лепш закурым.

Вастраносы цiха пагойдвае за почапку калыску:

Знайшоў каток паясок,

Ды якi ж ён чырвоненькi.

Сусед падыходзiць да калыскi:

- Гадуецца?

- Расце.

- Здаровы хлопец будзе.

- Нiшто сабе.

- Ад бацькi, можа, чуваць што?

- Каб ён так жыў, сабака.

- I грошай не прысылае?

- Па рублю цэдзiць. Але што. А гэтая як рыба аб лёд б'ецца, навек абязвечаная. Каб не дзiця - служыць бы куды-небудзь пайшла. Сама кажа. Я пражыў бы як-небудзь. На людзях не прапаў бы, колькi мне трэба.

- Колькi там трэба, то трэба, але што ж ты, пад плотам хiба валяўся б. Чатыры гэтыя сцяны нiчога табе не дадуць.

- А няхай бы сабе i пад плотам, мне ўжо ўсё роўна. Дажыў бы век.

- Гаворка.

- От табе i гаворка. Табе здаецца. Цябе нiхто нiколi з хаты не выганяў, ты не ведаеш усяго. А я прыблытаўся сюды да вас i сам не ведаю, як зачапiўся тут. Ты ж сам памагаў мне без труны старую маю закопваць. Дзякуй табе, што памог, незнаёмаму, выгнанцу нейкаму, валацузе, брадзязе...

Вастраносы нервуецца, крычыць, пачынае кашляць. Ад кашлю чырванеюць вочы, прыпухае твар. Запiвае кашаль халодным чабром i гаворыць:

- ...Цяпер ужо i крыж спарахнеў, i дзярном усё зарасло... Хто гэта думаў калi, Божа мой, Божа. Косцi па свеце растраслi. Дажываць веку гэтак... А дзяўчо гэтае згублена навек.



3 из 5