
- Мы па выклiку! Тэлевiзары рамантуем! - выгукнуў Лябёдка, але бабуля не пачула.
- Ну до табе, до! - крыкнула гаспадыня на сабаку i, прыбраўшы з вуха хусьцiнку, дробна затупала да весьнiц.
- Тэлевiзары, бабка, рамантуем. Прыехалi во... па выклiку, - Лябёдка страсянуў над галавою валiзкай.
Ага! Цiлiвiзеры! А дзеткi ж вы мае, а што ж вы адразу не сказалi? пляснула рукамi бабуля i таропка адчынiла брамку.
Бабчын вiславухi дварняк тым часам ужо асiп i брахаў з падвываньнем.
- Цi сьцiхнеш ты, нячыстая сiла?! - прасiпела гаспадыня, падхапiла з-пад ног дубец, i сабака, пакрыўджана скавытнуўшы, сьпехам залез у будку.
- I калi ўжо акалееш? - з гэтымi словамi старая пiхнула рукою дзьверы, i яны ўвайшлi ў хату.
У хаце было прыцемна - лямпачка пад стольлю была заседжана мухамi, давала мала сьвятла, таму давялося цягнуць бабчын "Тэмп-6" да вакна i падключацца да разэткi праз падаўжальнiк.
Тыцнуўшы ў Iванавы рукi лiтавальнiк, майстар Лябёдка зьняў з тэлевiзара заднюю панэль, пахiтаў галавою i папрасiў у гаспадынi вiльготную анучку вiдавочна, каб сьцерцi пыл зь лямпаў.
Наступныя дзесяць хвiлiн майстар торкаў некуды правадкi, сочачы пры гэтым за стрэлкаю прыбора, а згадаўшы пра лiтавальнiк, запытаў:
- Грэецца?
Лiтавальнiк быў халодны. Iван патузаў шнур, паварушыў вiлку ў разэтцы, але марна: iнструмэнт ня грэўся.
- Эх, Ваня... вучыць цябе яшчэ ды вучыць... Стрыжань у лiтавальнiк не ўпiхнуў, таму i ня грэецца, - уздыхнуўшы, Лябёдка выдзер з тэлевiзiйных нетраў нейкую зялёную дэтальку, паглядзеў на гаспадыню i ўстурбавана правёў даланёю па твары.
- Кандэнсатар згарэў. Страшэнна дэфiцытная рэч. У мяне, праўда, ёсьць адзiн, але гэта для райкамаўскага тэлевiзара. Там таксама кандзёр накрыўся.
