
- Вы ж ужо як-небудзь... - выдыхнула гаспадыня, матлянулася на кухню, i майстар, пачуўшы бразгат шклянак за сьценкаю, падмiргнуў кампаньёну i задаволена падкiнуў на далонi згарэлы кандэнсатар.
Праз поўгадзiны справа была зроблена. У хаце пахла канiфольлю, пад стольлю луналi пасмы белага дыму, а сьцены хаты аж дрыжэлi ад грому вайсковага параду, якi паказвалi па тэлевiзары. Узяўшы за працу тры рублi i запытаўшыся, цi патрэбная квiтанцыя, Лябёдка зачынiў валiзу i зь дзiўнай рашучасьцю накiраваўся да дзьвярэй.
- Можа б, перакусiлi чаго? - нясьмела вымавiла ўсьлед яму бабуля.
- Няма часу, бабка. Яшчэ пяць хат абысьцi трэба. Праўда... - майстар павярнуўся да напарнiка, зьмерыў яго позiркам i з разважлiвай заклапочанасьцю прамармытаў: - Iван галодны. Цэлы дзень ня пiў, ня еў. Як ты, Ваня, перакусiш? - i не пасьпеў Iван раскрыць рота, як Лябёдка штурхнуў яго да стала i спрытным рухам адкаркаваў бутэльку "Прамянiстага".
Яны выпiлi па шклянцы, аддзьмулiся, захоплена ўтыркнулi вiдэльцы ў румяныя шкваркi, якiя сквiрчэлi i стралялi тлушчам на гарачай патэльнi.
- Кантрастнасьць нармальная, толькi сьняжыць крыху, - прамовiў, кульнуўшы другую шклянку, Лябёдка. - Зь Вялiкалуцкага рэтрансьлятара сыгнал кволы. Наступным разам пад'едзем - паспрабуем антэну на Вiцебск павярнуць.
Гаспадыня закiвала галавой, стоена ўздыхнула, i ўся яе пастава выдавала на тое, што ёй карцела нешта сказаць.
Карцела сказаць слова i Iвану. Выцершы рукавом сальныя вусны, ён павярнуўся да бабулi i задаў пытаньне, якое даўно ўжо сьпела на языку:
- А вы рускiя?
Гэтае пытаньне не на жарты ўсхвалявала бабулю. Старая шморгнула носам, залыпала павекамi i няўпэўнена прашаптала:
- Рускiя...
- Рускiя, а гамонiце па-нашаму: картошку бульбай называеце...
- А адкуль жа вы? - пацiкавiлася гаспадыня.
- Зь Неўля мы, з тэлеатэлье, - адказаў за Iвана Лябёдка i, храбуснуўшы шкваркай, стукнуў напарнiка каленам па назе.
