
- А мы, дзеткi, i самi ня ведаем - хто мы, - нечакана пажвавела бабуля. Мой Ляксей, царства яму нябеснае, расказваў... Прыедзем, кажа, у Пскоў, пачнем там гаманiць, а скрабары сьмяюцца, кажуць: - Iзноў пылякi прыехалi! - старая перахрысьцiлася на цёмны кут, аблашчыла майстра сьцярожкiм паглядам i прыцiшаным голасам запытала:
- Можа б вы i маёй сястры цiлiвiзер зрабiлi?
Прапанова такая не зьдзiвiла майстра. Ён адкiнуўся ў крэсьле, змучана аддзьмуўся, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".
- Непадалёку тут жыве, у Берасьцянцы... крайняя хата ад ракi. Туды i дарога добрая.
Старая дапытлiва замiргала вачанятамi, а майстар, зiрнуўшы на сьпiсаны алоўкам пачак, гаротна ўздыхнуў.
- Не магу, бабуля. У мяне тут толькi па Чурылаву пяць выклiкаў. Во... глядзi, - майстар тыцнуў пальцам у пачак, - Лiхаманавы, Пракопаўна, Балабайка...
- Балабайку зяць зрабiў. Учора прыехаў, - перапынiла Лябёдку гаспадыня, выбегла ў сенi i праз хвiлю паўстала ў пройме дзьвярэй з пляшкаю "Прамянiстага".
З гасьцiннай хаты Праскоўi Кабенькi - так звалi гаспадыню - выкульвалiся, задаволена адрыгваючы вiном i цыбуляй. У паветры кружылiся сьняжынкi, бабчын сабака прыязна махаў хвастом, а сама гаспадыня, якая таксама кульнула чарку, не магла суняць расстайную сьлязiну.
Iдучы да матацыкла, Iван падлiчыў у галаве дзённую выручку, якую можна мець ад рамонту тэлевiзараў, потым уявiў тую кучу грошай i з захапленьнем паглядзеў на камлюкаватую Лябёдкаву сьпiну.
- Дзядзькi, да нас зайдзiце! У нас таксама тэлевiзар зламаўся... I ў мяне зламаўся... - разам загаманiла вясковая дзятва, калi яны падышлi да весьнiц. Падшывальцаў сабралася ня меней як тузiн; усе яны аглушальна гаманiлi, i Лябёдка, насунуўшы на голаў шлем i ўкiнуўшы ў рот папяросу, скрозь зубы працадзiў: - Зойдзем, толькi ў Берасьцянку зьлётаем.
Прытарочыўшы да бэнзабаку валiзу, майстар вохнуў, паведамiў падшывальцам, што недапiты - гэта горш, чым недабiты, таргануў галавой, i падшывальцы, умомант зразумеўшы той жэст, добрых тры кiлямэтры пiхалi матацыкал, аж пакуль ён не завёўся.
