
Дарожны паказальнiк з надпiсам "Берестянка. 2 км" трымаўся на адным цьвiку, паказваючы вострым канцом на прысыпаную рэдкiм сьняжком узбочыну. "Цi не на той сьвет паказвае?" - падумаў Iван, згадаў родную хату i ўпершыню пашкадаваў, што выбраўся ў гэтую вандроўку.
Дарога ў Берасьцянку i сапраўды нагадвала дарогу ў пекла. Уся яна была разьбiтая коламi "беларусаў", глыбокiя каляiны прыхапiла марозам, i ехаць па той праселiцы было папросту немагчыма. Дапамагаючы сабе нагамi, Лябёдка коўзаўся на матацыкле па калдобiнах, пругкi алешнiк хвастаў яго па твары, i майстар, адплёўваючыся каляным лiсьцем, слаў праклёны на "беларусаў", нялюдзкую дарогу i старую Кабеньчыху, якая яго ў тую дарогу выправiла.
Iван шыбаваў сьледам, прыцiскаў да грудзей валiзку (зьнялi з матацыкла, каб не пабiць радыёлямпы) i п'янавата пасьмiхаўся: цяжка было ўтрымацца ад усьмешкi, пазiраючы на Лябёдкавы пакуты.
Да вёскi дабiралiся цэлую гадзiну, пры гэтым два разы спынялiся, каб ахаладзiць рухавiк, а выбiўшыся з кустоў на роўнае поле i ўбачыўшы на даляглядзе вясковыя хаты, Лябёдка, а гледзячы на яго i Iван, зморана павалiлiся на пасiвелую ад марозу траву.
Iвана, праўда, дарога ня надта i стамiла: на зямлю ён павалiўся хутчэй з пачуцьця салiдарнасьцi, а паляжаўшы хвiлiну-другую, прыўзьняўся на локцi i азiрнуў навакольле. Нават такiм шэрым днём мясьцiны тутэйшыя ўяўлялiся даволi маляўнiчымi. Роўнае поле, пасярод яго стаяла згалелае дрэва, а леваруч, блiжэй да вёскi, блiскала мiж кустоў цi то рачулка, цi то азярына.
- Ловаць. Вялiкая рака, - выдыхнуў Лябёдка, перахапiўшы Iванавы позiрк. Я тут летась рыбу лавiў.
Колькi часу яны ляжалi моўчкi, смалiлi папяросы, аж пакуль Лябёдка не мацюкнуўся i не падхапiўся на ногi.
- Усё! З бальшаку цяпер нi на крок... I грошы буду браць па прэйскуранту! - прамовiў ён, шпурнуўшы недакурак, i гэта азначала, што хмель выпетрыўся зь Лябёдкавай галавы, i настрой з тае нагоды канчаткова сапсаваўся.
