На свiтаннi ёй здалося, што бацька прайшоў каля вокнаў. Яна выйшла на панадворак, i нiкога там не было. Дзень пачынаўся мокры. Скрозь стаяла вада i са стрэх капала. Дуб стаяў на агародзе над асмалкамi, вуголлем i попелам, сам увесь апалены i з далёка працягненай нiжняй тоўстай галiнай. А верх яго такi ж самы, як i быў, але знiзу дробнае голле патлела. Цяпер ён ужо не закрые сабой шашы i хмызняку ад Пфайфелевых i салдацкiх воч. Марыля ледзьве перабыла той дзень. Усё, што ўжо з часам уцiхамiрылася, зноў паўстала перад ёю, як з магiлы. Так прыйшла ноч. Зноў доўгая, i зноў з дажджом i ветрам. Ужо даўно спяваў певень у прыгрэбцы, i свiтанне цадзiлася паволi. У смутку i горы яна выйшла з хаты i кiнула позiркам на мястэчка. Там, як мурашка малы, вiдзён быў здалёк нямецкi салдат на варце.

- Ты мне свет завязаў, - заплакала яна, адварочваючыся.

Тут яна ўбачыла, што палiцэйскi залез на верх дуба.

- Куды ты палез, хамула! - крыкнула яна.

- А мне загадалi абцерабiць дуб: колькi яго нi палiлi, усё роўна закрывае дарогу. От бо ўдаўся, i агонь яго не бярэ!

Праз гадзiну дуб стаяў без верхняга голля. Марыля ўвесь той дзень выходзiла глядзець, як стаiць далёка постаць нямецкага салдата. I так было кожны дзень. Нарэшце яна пачала думаць, што далей так не вытрымае, што ўсё гэтае невядомае чаканне скончыцца вялiкай бядой, мусiць, нейкай страшнай хваробай. Яна пачала баяцца сваёй адзiноты, i ночы ёй сталi пакутай. А вартавы немец усё стаяў на тым жа месцы. Так i вясна пачала ўбiрацца ў сiлу. Аднойчы Марыля захацела ўспомнiць мiнулыя маладыя дзявочыя гады i прайшла босая сваiм дваром па халоднай i яшчэ мокрай зямлi. Так яна хадзiла калiсьцi, але тады быў пры ёй бацька. А цяпер яна адна. I вось яна ўсвядомiла сваю адзiноту i падумала, што ёй трэба сысцi зусiм адгэтуль, можа нават i назаўсёды. Можа ёй трэба пашукаць бацькi. Счакаўшы дзён два, яна пачала збiрацца ў невядомую дарогу: сядзела ў куце i плакала.



10 из 17