
Палiцай, што ганяў жанчын на работу да Пфайфеля, ужо добра ведаў гэтую жанчыну, яна не адрываецца ад працы i ўсё маўчыць. Раз i сам Пфайфель накiраваў на яе пiльную ўвагу. У той дзень многа жанчын i некалькi старых галаскоўскiх мужчын працавалi ў яго садзе, i ён з веранды ўбачыў i пазнаў тую самую жанчыну, што калiсьцi маўчала, гледзячы на абсмалены дуб у агародзе. У добрым настроi цяпер ён лёгкiмi крокамi падышоў да яе i захацеў з ёю пагаварыць.
- Што ты ўсё маўчыш? - сказаў ён. - Ну, не маўчы! Муж у цябе ёсць?
- Ёсць.
- I дзецi?
- Сын. Чатыры гады яму. I муж, i сын, i стары бацька, i мужаў дом у мястэчку, i хата бацькава ў Галасках, i я сама як хачу, так i жыву з мужам, з сынам, з бацькам.
Тут яна махнула рыдлёўкай i адным ударам раскроiла яму чэрап. Ён упаў разам з акрываўленай рыдлёўкай на леташняе непрыбранае прэлае лiсце, доўгi i тонкi, не паспеўшы пагаварыць з невядомай яму жанчынай, асвойванне душы якой ён увёў у свае планы разам з аднаўленнем гэтай старой панскай сялiбы i з будаваннем новай трусiнай фермы.
Ужо i сонца рушыла ў поўдзень, а ён ляжаў нечапаны нiкiм, i на стале ў яго ляжала недапiсанае пiсьмо ў Германiю, дзе ён паведамляў свайму швагру, што аднаўленне сялiбы падыходзiць да канца i што патрэбен прыезд яшчэ двух новых гаспадароў. Пiсьмо было перарвана на тым месцы, дзе ён угаварваў швагра хутчэй закончыць у родным горадзе свае справы i прыязджаць сюды.
