Пасля ён нават сказаў штосьцi каменданту аб сваiх нейкiх адмысловых паўнамоцтвах. Камендант нiчога не адказаў i толькi ткнуў пальцам кудысьцi за дом на дарогу, дзе ехаў цэлы абоз з дрывамi. Пфайфель здагадаўся i з двума салдатамi-iнвалiдамi пайшоў у Галаскi глядзець. Там ён застаў на Пархвенавым агародзе вялiкi гармiдар. Гiтлераўскi салдат крычаў на людзей, а яны цэлыя шуркi дроў укладвалi пад дубам. Пфайфель не вытрымаў i сам пайшоў падпальваць. Ён запалiў укладзеную ў дровы кудзелю i рушыў назад у мястэчка. На ўваходзе ў вулiцу ён прыпынiўся i азiрнуўся. Дым i агонь вельмi выразна вiдзён быў яму адгэтуль. У каменданта ён узяў новага салдата i зноў пайшоў туды.

Дуб стаяў, здушаны вогненнымi сцiртамi дроў. Цэлыя бярвеннi гарэлi пад iм. Людзей ужо не было. Толькi адна нейкая жанчына ў кароткай ватовай вопратцы стаяла, узлёгшы локцямi на загарадзь. Яна была высокая i нейк дзiўна паглядзела на яго, калi ён з'явiўся.

- Што глядзiш? - запытаў ён па-расейску.

Яна не адказала i пайшла ў хату напроцi агарода. Яго быццам укалола яе маўклiвасць, i ён пайшоў назад: за гэты дзень ён ужо даволi нахадзiўся, i лiшняя турбацыя не ўваходзiла ў яго планы. Да абеду яму яшчэ трэба было пагалiцца i абдумаць сёе-тое на далейшае, а пасля - абед, i якраз у той дзень са смажанымi трусамi, а трусiнага мяса ён ужо не спрабаваў дзён тры, а гэта парушала яго планы ў гэтай краiне, распрацаваныя iм да канца вайны. Так ён з лёгкiм сэрцам забыўся пра маўклiвую жанчыну. Але яна не магла забыцца на яго. Ноч прыйшла пасля таго дня шумная, з ветрам i дажджом, у полi гуло i ў прырэчных зараснiках трашчала голле. Нiколi раней так моцна жанчына не адчувала сваю адзiноту, як цяпер, - быццам бы толькi цяпер дайшло да яе свядомасцi, што страчана навек самае важнае i дарагое: i застрэленае дзiця, i муж, i стары бацька, i тыя гады, якiя трэба яшчэ пражыць, i гады, што пражылiся, - i нiчога як i не было, i нiчога як i не будзе.



9 из 17