
Марыля падышла да жанок i сказала:
- Унь там ляжыць спруцянелы Пфайфель. Я яго забiла.
Жанкi анямелi. Марыля пайшла сцежкаю ў поле.
- Куды? - загарадзiў ёй дарогу палiцэйскi.
- Браток, ты ж местачковы, хамула ты дурны, ты ж мяне змалку ведаеш, пусцi.
- Iдзi назад, - загадаў ён, - раз я служу, то я павiнен.
Яна пайшла назад i сказала жанкам:
- Палiцэйскi не пускае.
I гэта ўзварушыла ўсiх, з рыдлёўкамi, граблямi i вiламi ўсе пабеглi ў палявую сцежку, палiцыянт стрэлiў у паветра, адна з жанчын пхнула яго ў грудзi, ён упаў, i ўсе беглi цераз яго. Праз колькi хвiлiн усё тут апусцела. Некалькi дзён i Галаскi пуставалi, i толькi пасля то той, то сёй з'яўляўся дадому. Пайшлi тыдзень за тыднем, i хата Пархвена Катлубовiча стаяла пустая. Сенечныя дзверы былi адчынены, адно акно ад двара аставалася таксама адчыненае i ўдзень i ўночы, i праз колькi дзён вецер з дажджом вырваў гэтую фортку i пабiў шкло. Запуставала i старая панская сялiба на краi мястэчка.
Ужо час падыходзiў да пачатку лета. Яшчэ не змяркалася, як Пархвен увайшоў у свой двор з паплавоў. Над Галаскамi вiсла вялiкая цiшыня. Пархвен як сам не свой патупаў па двары, зазiрнуў ва ўсе куткi, увайшоў у хату, заўважыў вырванае акно i, сумеўшыся, пастаяў перад iм. На зямлi было ўжо змрочна, але неба яшчэ было яснае. Раптоўнае хваляванне зварухнула Пархвенаў твар. Ён шпарка падышоў да вулiчнага акна i зiрнуў туды, дзе па той бок вулiцы, на агародзе, сонца павiнна было ўжо быць на вяршалiне дуба. I раптам ён уздрыгануўся: ён убачыў у небе чорны высокi ствол без голля, i толькi адна тоўстая i таксама чорная галiна знiзу зелянелася густымi новымi парасткамi. А сонца ляжала дзесьцi не тут, а далей, за далёкай шашою ў полi. Гэта быў нiколi раней, з самых малых дзён, не знаны iм свет, i нiчога таго, што было ў яго праз усё жыццё, ужо не было тут. Усё было чужой рукой вырвана i знявечана. Яшчэ не было ў яго такога вялiкага смутку нават тады, калi ён пакiдаў родную хату.
