
- Божа мой, - сказаў ён, шпарка i з вялiкiм страхам выходзячы з хаты i ныючы душой.
"Хоць бы хто на вулiцы быў! Хоць бы дзе адна жывая душа! Можа хто сказаў бы, чаму пустуе хата, i як, i цi даўно ўжо?" Калi прайшоў ён паўз дзве суседнiя хаты - укалола яго жудасная здагадка: Галаскi пустыя як ёсць. Ён парадкам пачаў заходзiць у кожную хату, стукаў у вокны i дзверы, а дзе не былi замкнёныя сенцы - уваходзiў у хату i ўсюды казаў:
- Хто жывы, абзавiся!
I нiхто яму не адказваў нiдзе. Асмялелыя мышы сядзелi на сталах i лавах, пацукi пазвешвалi з палiц нерухомыя хвасты, усюды была нежывая вiльгаць, адзiчэлыя каты зазiралi яму ў вочы i кiдалiся ад яго. Так ён перабраў усю вулiцу i, гнучыся, уцягваючы галаву ў плечы, рушыў назад да сваёй хаты. З трывожным чаканнем ён адчуў, што слабее. Лёг на край халоднай печы i неўзабаве задрамаў. Дрымота перайшла ў сон. Пабудзiў яго жаночы голас; нараспеў нейкая жанчына гаварыла просьбу:
А галубочкi родныя,
А не дайце прапасцi,
А дайце хлеба на раз укусiць,
А пераначаваць пусцiце.
А было ж у мяне многа ўсяго...
Сонны Пархвен падняў галаву i чамусьцi крыкнуў:
- Адкуль ты?
- З Малога Прысынка.
- А хто ты такая?
- Няшчасная мацi, у якой гiтлераўцы забiлi дзяцей. Божачка мой, лiтасцiвы мой!
-А цi не чула ты, чаму гэта Галаскi абязлюдзелi?
- А ты ж чаго сам апынуўся тут?
- Вярнуўся з уцёкаў, i мне пустэча як сто пудамi на грудзi i - канцы могуць прыйсцi.
- А тут, кажуць, быў такi Пархвен, што з п'яным пеўнем бiўся. Дык яго дачка, дай Божа ёй здароўя, нямецкага пана, нейкага Пфайфеля, на той свет адправiла. Гiтлераўцы яе шукаюць i траслi Галаскi так, што ўсе з хат, хто куды мог, разышлiся.
- А дзе яна?
Жанчына на яго паглядзела:
- Як жа ты так пытаеш? Цi маеш ты, чалавеча, розум? Хто ж гэта можа ведаць, дзе яна? А каб i ведала, то - хiба я ведаю, дзе яна? Няхай яе Бог ратуе.
