
- Я ж яе - ты ведаеш? - бацька.
- Што ты выдумляеш?
- Дальбог жа, гэта я з пеўнем бiўся. З мяне ж праз усё жыццё смяялiся. Гэта я. Не верыш? Дык сядзi ж у гэтай хаце. Аддаю яе табе.
Жанчына ўздыхнула i пайшла, а ён убачыў, што заходзiць сонца. Стаў перад акном i зноў жахнуўся: недзе там, далёка, ляжала сонца, дуб стаяў чорным асмалкам, а адна галiна зелянелася. Толькi яна адна i асталася. Ледзьве прычакаў ён, пакуль сцямнела, а тады рушыў на другi канец Галаскоў, дзе, ён праз усё жыццё ведаў, у чалавека пад свiрнам заўсёды ляжаў лом. З радасцю ён абмацаў яго, узяў на плячо i пайшоў, сам сабе шэпчучы:
- Гаспадара няма, а ты, ламок, ляжыш сабе. Вылежаўся, выкачаўся.
Ён iшоў гадзiны са дзве цiха i бесперастанку. Ён пакiдаў за сабою ўсё, што калiсьцi поўнiла яго жыццё. Вось ён мiнуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу i як бы ўпаў у вiльгаць логу, а адтуль iшоў проста. Свяцiлi зоры, i стаяла цiшыня. Сэрца яго калацiлася, але разам з тым цвёрдасць намераў уцiхамiрвала яго хаду. Усе гэтыя кiламетраў сем ён прайшоў паволi: ён ведаў, што доўга яму трэба будзе выбiраць месца i зручны момант. Вось ён i два ляскi мiнуў, i балота, i азярцо абышоў, i хутарская паляна мiльгацела светлякамi. Унь там! Трыма крокамi ён перайшоў схiлiсты адкос, лёг на зямлю i прыгледзеўся. Нерухомая постаць нямецкага салдата вiдна была ў змроку. Цягнучы за сабою лом, ён адпоўз на ранейшае месца i выйшаў на адкос праз чвэртку кiламетра. Позiрк направа i налева - нiкога нiдзе. Божа, памажы! Сэрца распiрала яму грудзi. Ён падклаў лом пад рэйку i павярнуў угару. Божа, якая цяжкая рэйка! Утапiць бы яе ў лужу. Ён яе спусцiў з адкосу i некалькi разоў калупнуў пад яе ломам. Балота! I рэйка пайшла ў прорву. Зараз можа быць усё, чаго так прагне яго змучаная душа. Ён адышоўся можа за паўкiламетра, i лёг на зямлю, вухам на траву, i чакаў. Вось яно, грымiць зводдалеку, звонiць, дыхае.
