На трэцiм тыднi вайны ў зарэчньм мястэчку асеў нямецкi камендант, а яшчэ раней з Галаскоў чутно было, як па шашы грукаюць i равуць нямецкiя машыны. У мястэчку пачалi шукаць неадмабiлiзаваных мужчын. Яны i сапраўды былi i прыхоўвалiся, дзе хто мог. Такi самы быў i Марылiн каваль. Яму горка было i дом з сям'ёй кiнуць, i аставацца яшчэ горш было: на ўездзе ў мястэчка ўжо чатыры днi вiсеў на дрэве нехта нiкому невядомы, якога гiтлераўцы злавiлi на шашы i ў той жа дзень павесiлi. Каваль сядзеў у лесе, i Марыля насiла яму есцi. Калi пачалася ў мястэчку аблава, Марылi ўдалося з хлапчуком на руках выбегчы на паплавы. Прыгiнаючыся да прырэчных зараснiкаў, яна дайшла да лесу i перад вечарам там жа развiталася з мужам. Iншай рады не было, як iсцi яму адгэтуль. Пацалаваўшы Марылю i сына, ён рушыў змрокам дня ў вялiкую дарогу. Дзе i як ён пяройдзе фронт i выйдзе да сваiх - гэта здавалася яму лягчэйшай справай, чым тое, што Марылiн твар стаў востры i сухi. Ён шпарка iшоў усю ноч i не мог хоць на момант вырваць са сваёй галавы пакутнай думкi аб яблыньках пры доме, якiя гэтай вясной першы раз зацвiталi.

Калi яна падыходзiла агародамi да свайго дома, хлопчык штосьцi пачаў ёй гаварыць.

- Маўчы, сынок, - сказала яна, - а то пачуе немец.

Спалоханае дзiця сцiхла, але ад ворага не ўратавалася: ён сядзеў у сенцах, замок з якiх сарваў з прабоем. Ён толькi яе i чакаў, нават i ў хату не пусцiў, так з сянец i пагнаў разам з хлопчыкам у каменданцкую ўправу. Тры днi там яе дапытвалi, дзе яе муж. Ужо ёй выкруцiлi палец на левай руцэ, ужо ўвесь твар быў у крывавых сiняках, i апроч таго, што каваль у армii, яна нiчога не магла сказаць. Уначы на чацвёрты дзень камендант прыклаў рэвальверную рулю да хлопчыкавага вуха i цiха сабе, быццам гэта ён адрэзваў прыгожымi нажнiчкамi кончык цыгары, стрэлiў. Марыля спачатку закрычала, пасля анямела. Так яе выпхнулi на двор i, б'ючы рамянямi, прагналi далёка ад каменданцкага дома, i яна ўжо не бачыла, як салдат выкiнуў яе нежывое дзiця праз акно на дарогу памiж травянiстым капяжом i плотам. Больш за тыдзень яна, як адзiчэлая, прабадзялася па лесе, полi i прырэчных паплавах, а пасля прыйшла да бацькi чакаць нечага таго, што наблiжаецца з кожным пражытым днём.



5 из 17