Час - найлепшы доктар чалавеку. Ён уцiхамiрыць хоць якi боль. Пасля лета прыйшла восень, а пасля зiма. Марыля ўсё жыла ў бацькi i аднойчы ў сярэдзiне лютага змрокам дня сказала бацьку:

- Нешта сёння больш як заўсёды верх дуба на агародзе стаiць на сонцы.

- Бо дзень пабольшаў i вясна блiзка, - адказаў Пархвен Катлубовiч, ужо сiвы каля вушэй i аблыселы наверсе галавы стары чалавек. Ён аж выйшаў на двор, пакуль не змеркла, глядзеў адтуль цераз вулiцу на дуб у агародзе i ўсё гаварыў сам сабе, быццам спяваў:

- Вось i зiма прайшла, i дзень вялiкi, i перазiмавалi, i вясны дачакалiся...

Якiя прыйшлi неўзабаве ночы! Лес трашчаў i гуў ад густога ветру. Снег пачаў асядаць, i на свiтаннi дзён ружовы водблiск неба ляжаў у снегавой вадзе. Шаша за Галаскамi стала чорнай. Вароны бадзялiся па голай мокрай зямлi, i яснымi адвячоркамi сонца ўсё больш i больш затрымлiвалася на дубовай вяршалiне. А тым часам у зарэчным мястэчку з'явiўся новы чалавек высокi, сярэднiх год i як бы прысутулены. З гэтай прысутуленасцi i з паходкi яго пачалi пазнаваць тутэйшыя пажылыя людзi. Пазнаў i Пархвен Катлубовiч. Раз, стоячы пры акне i гледзячы на вулiцу, ён сказаў Марылi:

- Паглядзi, вулiцаю iдзе чалавек i з iм салдат. Каб стары Пфайфель не памёр, я падумаў бы, што гэта ён.

- А хто такi Пфайфель? - запытала Марыля.

- А па той бок рэчкi пры самым мястэчку быў у старыя часы маёнтак пана Гальцовiча, i правiў усiм маёнткам наняты немец Пфайфель. Гальцовiч пасля злавiў яго на тым, што ён цягнуў у сваю кiшэню з маёнтка больш, чым аддаваў самому Гальцовiчу, i прагнаў яго, i той паехаў назад у сваю Нямеччыну, а пасля прыехаў да другога пана, па той бок шашы, i перад самаю той вайной памёр. А гэты, што iшоў цяпер вулiцай, кропля ў кроплю - той.



6 из 17