
Праз некалькi дзён усiх галаскоўцаў i местачкоўцаў сагналi разам, i той, падобны на Пфайфеля, сказаў перад людзьмi прамову:
- Я прыехаў на гэтую зямлю, якую некалi мой бацька даводзiў да ладу. Ён, нябожчык, многа сiл аддаў гэтай зямлi. Ратунак гэтай зямлi ў нямецкай культуры i арганiзаванасцi. Даўней паны, а пасля бальшавiкi тут не ўмелi гаспадарыць. Я навучу вас культурнай працы на зямлi.
Так галаскоўцы дазналiся, што гэта прыехаў да iх уладаць тым даўнейшым маёнткам сын таго Пфайфеля. Ён асталяваўся жыць на краю мястэчка ў былым калiсьцi панскiм доме. Дом стаяў на высокiм месцы, i з галаскоўскай вулiцы з тых дзён вiдно стала, што пры доме стаiць на варце нямецкi салдат. I галаскоўцам пачало здавацца, што дарога iм туды, на той бок рэчкi, загароджана. I гэта было адчуванне такое, што як быццам ад чалавека адабралi паўсвету. Адтуль жа салдату Галаскi былi вiдны толькi вярхамi стрэх, а нiжэй густа раслi сады, а цераз стрэхi чарнелася лiнiя шасейнай дарогi, далёка, за шэрым полем. У гэтым полi была доўгая града хмызняку, яна цягнулася да самай шашы i на той бок яе. Аглядаючы праз бiнокль мясцовасць, Пфайфель заўважыў, што вартавы салдат не можа са свайго месца бачыць гэтую хмызнячную граду з-за нейкага вялiкага дрэва, якое густым сваiм голлем нават i цяпер, калi яно бязлiстае, закрывае даволi шырокi прагалак за Галаскамi. Пфайфель зацiкавiўся гэтым дрэвам з трывогай: хмызняком могуць iсцi партызаны, а пасля хмызняку ўжо i полем могуць iсцi проста сюды: iх будзе скрываць дрэва, а лепш за ўсё яму самому па некалькi разоў на дзень аглядаць праз бiнокль усю шырыню мясцовасцi. Ён нацэлiўся на невядомае яму чужое дрэва i пачаў удакладняць, дзе яно расце. Два салдаты-iнвалiды закончылi пошукi тым, што нарэшце апынулiся ў агародзе Пархвена Катлубовiча пад дубам. Вось яно, тое дрэва! Цэлы тыдзень пасля гэтага клопат тачыў i Пфайфеля, i каменданта: выгнаныя на спiлаванне дуба галаскоўцы нiякай рады даць не маглi: дуб быў у некалькi абхватаў i таўсцейшы за даўжыню пiл.
