Пiлы рвалiся, а дуб стаяў. Спiлаваць яго нельга было. Прайшоў тыдзень марна. Тады камендант загадаў Пархвену Катлубовiчу за два днi прыбраць з агарода дуб. Пархвен, як стаяў перад камендантам зняўшы шапку, так i дадому прыйшоў з шапкаю ў руцэ i так прасядзеў на лаве каля стала да самага вечара. А змрокам ён пераабуўся ў навейшыя боты i выйшаў з дома, i хоць ён нiчога пэўнага не сказаў на адвiтаннi Марылi, але яна i так ведала, што ён проста толькi сышоў, бо жыцця ўжо тут больш не будзе. "А я буду пiльнаваць хаты", - цвёрда падумала яна i перабыла тую першую ноч з вялiкiм смуткам. Зранку ўзышло сонца, i ёй стала лягчэй на душы. Праз два днi сам Пфайфель з салдатам-iнвалiдам прыйшлi ў Галаскi i доўга глядзелi на дуб. Ён стаяў сабе вышэй над усёй мясцовасцю, а пад iм ляжалi парваныя i пашчэрбленыя пiлы. Пфайфель тым днём гаварыў каменданту, што гэты дуб трэба адправiць у Германiю, каб там пабачылi, якiя дзiвы вырастаюць тут i якую багатую краiну заваявалi нямецкiя салдаты. Камендант быў салдат, а не мяккадушны летуценнiк. Ён адказаў:

- Кругом тут з'яўляюцца партызаны, i трэба хутчэй прыбраць дуб з вока.

- А як жа яго так скора зняць? - абазваўся перапалоханы Пфайфель.

- Я распараджуся, - сказаў камендант.

Выконваючы яго новы загад, назаўтра зранку пацяглiся ў агарод Пархвена Катлубовiча галаскоўцы i местачкоўцы. Кожны нёс бярэмя дроў. Пры дубе наклалi дроў у сажань вышынi i падпалiлi. За гадзiны дзве дровы згарэлi, дуб знiзу абсмалiўся, i агонь патух. Пасля абеду Пфайфель зiрнуў праз бiнокль i ўбачыў дуб. Ён закалацiўся ад незразумелай яму самому трывогi i пабег да каменданта. Той, як мог, давёў яго да спакою, але ненадоўга. Як толькi пачало змяркацца, Пфайфелю пачало здавацца, што дуб з Галаскоў прысунуўся да самага мястэчка i ўжо зусiм блiзка стаiць каля дома. Пфайфель доўга не мог заснуць у тую ноч i сонны i злосны пайшоў на ранiцы да каменданта i зрабiў яму заўвагу, што гаспадар дуба недзе знiк з дома i нiхто яго не шукае, а дуб стаiць сабе, як i стаяў.



8 из 17