- Што ж вы... такая элегантная... i адна?

Рука мiжволi пацягнулася да пляшкi, Iван зрабiў ладны глык - ажнуль закашляўся - i зноў навалiўся на сумку. Нейкая хваравiтая стома авалодала целам i Iвану падалося, што ён плыве ў пругкiм паветры, не даючы рады паварушыць нi рукой, нi нагой. Дзесьцi зноў ударылi ў рэйку; удары сталi сыпацца ўсё часьцей i часьцей, аж пакуль не ператварылiся ў ляскат танкавых гусенiц. I вось, на тле злавеснага ляскату, прагучаў суворы i крыху надтрэснуты голас:

- Натаўскiя бранятанкавыя армады ўжо гатовыя былi рынуцца на ўсход, каб расьцiснуць сваiмi тракамi славянскiх дзяцей i жанок, ды на iхнай дарозе грознай скалой паўстаў Абаронца Ўсiх Славянаў...

Гэта быў ня сон, а нейкае трызьненьне. Надтрэснуты голас слова ў слова паўтараў надрукаваны ў газэце артыкул, i ў Iвана ад такой праявы - ён адчуў гэта - варушылiся i выпроствалiся мазгавыя зьвiлiны, халодным сьвербам працiнаючы ўгрэты голаў. Ён паспрабаваў растулiць павекi i раптам убачыў Абаронцу Ўсiх Славянаў. Убачыў не ўсяго яго, а толькi перапэцканыя ў глiну гумовiкi ды калашыньне картовых штаноў. Абаронца быў такiм магутным i велiчным, што, пачынаючы ад крысься балоньневай курткi, хаваўся ў шэрых аблоках. Надтрэснуты голас яшчэ сьвiдраваў левае вуха, але Iван ужо нiчога ня чуў. Ён зачаравана глядзеў угору, i духi яму займала ад велiчы Славянскага Волата.

- Вось хто верне нам нашыя ганарары! - малiцьвенна прашаптаў Iван, i ў той жа мiг цела ягонае набыло важкасьць i апусьцiлася на зямлю.

- ... А гэта так званыя пэнцэнтраўцы - агенты ЦРУ i Масаду, - прагучала цяпер ужо ля правага вуха, i мiма Iвана з капытлiвым грукатам прабегла гурба нейкiх мярзотнiкаў.

Першы зь iх бег, махаючы, па прыкладу трактарыста Трыфана, крывавай сякерай, другi цягнуў на карку вялiзны мех - праўдападобна, з далярамi, трэцi валок на плячы шыбенiцу, а чацьверты - маленькi i лысаваты - пёр супрацьтанкавую базуку амэрыканскай вытворчасьцi. Твараў Iван не разгледзеў, але першы - той, што махаў сякераю - нагадваў Ганчарыка, а апошнi - маленькi i лысаваты - быў вылiты Шабуня.



10 из 13