Iван адмахнуўся ад такой прапановы, напоўнiў шклянку - у бяздоннай ганчарыкаўскай сумцы знайшлiся i сьцiзорык, i вiдэлец, i шклянка - i натхнёна пацёр далонi:

- Паехалi!

Першую пляшку адолелi моўчкi, Iван адкаркаваў другую i, упiхнуўшы ў рот жмутак асьлiзлай салянкi, у сваю чаргу запытаў:

- А ты... пiшаш што-небудзь?

Калега зiрнуў на кабету, i тая, адчуўшы мужчынскi пагляд, зьняла з носа лiсьцiк трыпутнiку i падабрала пукаты жывот. Ганчарык нiчога не адказаў, выцягнуў з сумкi "Наша Пiва", а разам зь ёю яшчэ адну газэту - "Лубянскi набат".

- Во ё... кiяскёрка не дагледзела - упёрла, - уражана мацюкнуўся весялун i залётнiк, узяў "Лубянскi набат" двума пальцамi - нiбыта гэта была здохлая вужака - i кiнуў Iвану: - Зрабi сабе капялюш, а то галава ўгрэецца.

Iван садраў корак з трэцяй пляшкi, навалiўся плечукамi на сумку, разгарнуў газэту. Без асаблiвай увагi прачытаў развагi прафэсара Кракадзiлава пра натаўскiх людажэраў, потым пераключыўся на артыкул лiтаратуразнаўцы Лява Бердашкевiча аб крывавых оргiях, што ўчыняюцца ва ўправе ПЭН-цэнтра, потым пазяхнуў i памацаў угрэтую макаўку. "I сапраўды - трэба зрабiць якi каптур", з гэткаю думкаю Iван склаў газэту ў дзьве столкi i паскроб няголенае падбародзьдзе. Апошнi раз ён займаўся такой справай гадоў трыццаць таму i адразу ня мог уцямiць - куды якiя канцы загiнаць. Як бы там нi было, а нейкую падабiзну каптура ён усё ж такi зьляпiў i нацубiў на самыя вочы.

Не пасьпеў Iван зьмежыць павекi, як слых напоўнiўся набатным звонам. Званы гулi недзе далёка, цi не за рэчкай. Неўзабаве набат стаў мацнець i ўраз рабiцца ўсё больш адрывiстым i бразгатлiвым. Стваралася ўражаньне, што нехта зацята бiў чымсьцi жалезным у падвешаную рэйку. Iван разьмежыў павекi, страсянуў галавою. Сон, здавалася, доўжыўся кароткую хвiлю, а Ганчарык мiж тым ужо сядзеў ля кабеты, i цёплы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:



9 из 13