Тым часам у цёмна-зялёным "мэрсе", што стаяў непадалёку, апусьцiлi бакавое шкло, i ў прыцемнай пройме блiснулi шкельцы бiнокля.

- Што гэта зь iм? - незадаволена выдыхнуў вастраносы тыпус, мацаючы лiловы шнар на левай шчацэ.

Другi тыпус, якi сядзеў ззаду, таксама зiрнуў у бiнокаль, сплюнуў на пясок агiдную жуйку i яшчэ больш незадаволена працадзiў:

- The paper contains under forty per cent cayenne.*

* Папера ўтрымлiвае да сарака адсоткаў чырвонага каенскага перцу (анг.).

Эпiлёг

Праз два днi Iван прынёс у рэдакцыю "Лубянскага набату" вялiкi артыкул аб жыда-масонах, што атабарылiся ў Cаюзе пiсьменьнiкаў. Рэдактар - сiвагаловы мужчына са значком Дзяржынскага на штрыфлi пакамечанага пiнжака - прабег вачыма дробна сьпiсаныя старонкi, ухвальна кiўнуў i параiў напоўнiць зьмест канкрэтнымi фактамi. Рэдактар выцягнуў з сэйфа тэчку з апэратыўнымi матэрыяламi на сябра СП Ганчарыка, паклаў перад Iванам i, натхняючы на плённую працу, ляпнуў па сьпiне.

Наступны артыкул Iван прысьвяцiў драматургу Шабуню, якi, як высьветлiлася, плёў ня толькi кашы, але й iнтрыгi супроць Абаронцы Ўсiх Славянаў. Потым былi артыкулы пра паэта Мiнковiча i эсэiста Анкуду, потым, па рэдакцыйнай замове, Iван напiсаў выкрывальнiцкi аповед пра вядомую варагiню славянства Валерыю Старадворскую, за якi атрымаў прэмiю Ўсясьветнага Славянскага Камiтэту "Чыгунны Вiцязь".

Вяртаючыся з чыгунным вiцязем дахаты, Iван увесь час азiраўся. Яму здавалася, што варагiня славянства iдзе за iм сьледам, а калi ўбiўся ў творчую лябараторыю, дык убачыў у вакне тую самую Старадворскую. Агентка ЦРУ i Масаду сядзела на бальконных парэнчах i з нахабным выглядам палiла папяросу. Iван здрыгануўся, шпурнуў у вакно чыгуннага балвана i зь лямантам, дарэшты заглушаным звонам разьбiтага шкла, выбег на вулiцу...

Увечары таго дня небараку бачылi на ганку Галоўнай Адмiнiстрацыi: ён бiўся з ахоўнiкамi, спрабуючы прайсьцi ў будынак.



12 из 13