
Нават хацелася абвiнавацiць сябе ў тым, што дазволiў ён усяму таму адбыцца, хоць тут ужо, разам з тым, была свядомасць - што ж мог зрабiць ён? I тады патроху пачаў ён адганяць ад сябе ўсе гэтыя перажываннi, бо ў адну хвiлiну нейк уявiў сабе, што нешта iншае тут трэба, хоць яно i будзе мець пачаткам сваiм усю гэтую вастрату i тонкасць. Ён ужо стараўся думаць аб тым, што неўзабаве павiнна быць пiсьмо з дальняга горада, куды ён напiсаў свайму земляку аб тым, што хоча пераехаць у горад. Але думкi аб гэтым не маглi доўга плысцi спакойна i роўна. Бо верх бралi пачуццi, непакойныя i вельмi ж узбуджаныя. I як нi стараўся ён узбiцца на звычайны настрой, нiяк не мог. А тут пачаў канчацца дзень, i прыйшла аднекуль сястра - маладая i вясёлая. Дзiўна было яму думаць, што, гледзячы на яе, яшчэ горш нейк сумна яму стала. Але разам з тым яшчэ адчуў ён, што гэта была ў iм нейкая адмысловая, а можа i ўсiм прыналежная сiла, якая хоць i так выяўляецца, але здольная ўзняць чалавека да непераможнай дзейнасцi. Тады нейк не так востра мучыўся ён сваiмi перажываннямi. I, сказаўшы некалькi нязначных для сястры i глыбокiх для яго самога слоў, ён выйшаў з хаты. Там меншы брат распрагаў каня i пачаў расказваць яму, як у горадзе пад вечар быў, мусiць, пажар, бо вельмi ж многа ў тым баку паднялося нейкага чорнага дыму; i ён надзвычайна так нейк, як нiколi, быў рад братавай гаворцы. Не трэба было таму помачы, а ён памог яму выпрагчы каня. Пасля пастаяў ён каля сцяны, пакуль брат пайшоў у хату, i сам падумаў аб тым, што як гэты самы брат быў меншы i не было ў яго нейк раз ботаў, ён замаразкамi ездзiў заворваць поле босы, i тады заўсёды ногi былi ў яго папрабiватыя i ў нейкiх струпах... Тады ўжо не мог ён нiчога зрабiць з сабою - пералез ён паволi цераз жардзяны плот, пайшоў пад жоўтыя клёны, лёг там на вiльготную зямлю, прыпаў да яе тварам i заплакаў...
Тады стала ясна яму, што гэта ўсё ў яго не ад цыганскае дзяўчыны...
Адтуль ён вярнуўся позна. Нейк лёгка стала яму. Сплыло ўсё; чыстата стала ў iстоце i кволасць да ўсяго.