
Сястра i брат клалiся спаць. Брат курыў i сядзеў каля стала, гойдаючы босымi нагамi, а сястра весела расказвала, як у суседа Юстына адарвалася ў хаце вешала з тытунём i стукнула яму па галаве. I Андрэй ужо сам смяяўся i памог сястры выказаць думку аб тым, што б гэта тады было, каб вешала было цяжэйшае. Пасля гэтай гаворкi стаў у яго на кароткi час зусiм звычайны кожнадзённы настрой, толькi чуласць была незвычайная ды яшчэ моцнае адчуванне, што яму нешта рупiць, як бы мяшае чаму, некуды цягне яго, i тады, пасядзеўшы трохi, успомнiў раптам пра цыганскую дзяўчыну. Цяпер думаў аб ёй нейк iначай; самы працэс думкi быў нейкi цвёрды i вызначаны розумам, хоць вельмi востры ад пачуццяў. Тады ён хутчэй узяў падушку i кажух i пайшоў спаць на сена ў гумно. Там, у цiшы, стала патрэбным яму раптам гаварыць з кiм-небудзь, выказаць каму ўсё, што можна толькi выказаць, i яшчэ адчулася iм нейкая тая вялiкая адзiнота i размах, якiя бываюць у асеннiя месячныя ночы. Доўга не мог ён заснуць, пакуль аж не пачалi недзе спяваць пеўнi. I як пачаў драмаць, нервова пачала спець у яго ўпэўненасць у патрэбе заўтра iсцi да цыганоў. Прычына гэтага была вядома, але рэальны пункт - чаго? - не быў аформленым... Так ён i заснуў.
III
Гэта тады брат цыганскае дзяўчыны стаяў на беразе рэчкi. Тады Андрэй не прымецiў гэтага, а цяпер падумаў, што гэта няйначай так. Было гэта назаўтра таго дня. Ён тады пайшоў на работу, i зноў астаўся на беразе адзiн пасля ўсiх, i стаяў пад вечар i думаў, што ў гэтага цыгана нейкiя такiя вочы, цi можа гэта яны здаюцца такiмi i ў яе, i ў яго здалёк. Цяпер яму было толькi нейк здзiўлёна, як гэта мог ён учора паддацца такiм настроям i нават плакаць, што нiколi не бывае, - i гэта пасля адчуванняў аб той цыганскай дзяўчыне. I ў самога перад сабою нейк як бы нядобра было яму за ўчарашнюю слабасць. I яшчэ падумаў ён, што ўсё, нават варанае зелле, можа ўзварушыць у чалавеку буры...
Тым часам пачаў ён глядзець пiльна на той бераг i заўважыў, што там больш пуста, як учора. Стаялi ўсяго дзве будкi, i то нейк наводшыбе адна ад аднае. Не вiдно было i коней, i толькi нешта малое - дзяўчынка цi хлапчук, трудна было прымецiць здалёк - забаўлялася тым, што, лежачы на спiне, перабiвала па грызенай траве голымi нагамi.