Нейк аж зусiм весела стала Андрэю, i пасля заўважыў ён, што з-за будкi выйшла мужчынская постаць. Ён пазнаў таго ўчарашняга цыгана. Той нешта загаварыў, малы падняў галаву i нешта адказаў. Гэтыя словы здалiся Андрэю як "ла-ла-ла-ла".

Андрэй весела ўсмiхнуўся, i нават хацелася яму падмаргнуць каму-небудзь цi куды-небудзь; ён весела пачаў пераходзiць на другi бок рэчкi. А цыган сядзеў ужо над самай вадою i перакусваў двума пярэднiмi зубамi саломiнку.

"Што яму скажу?" - падумаў Андрэй.

- Табак маеш? - гукнуў цыган.

- Маю.

- Д-дай, будзь ласкаў.

- Можна.

- А можа многа маеш, дык я куплю.

- Няма.

- Я добра заплачу.

- Дык няма ж.

Андрэй быў рад гэтай гаворцы i сеў на беразе.

- От у вас тут учора весела было, я аж заслухаўся з таго берага, сказаў ён цыгану. - Чаму сягоння цiха?

- Няма. Паехалi ўжо.

- Хто?

- Музыканты нашы... i спявачкi.

- Куды?

-А я не ведаю. Пайшлi ранiцаю ў горад, а адтуль, кажуць, некуды выехалi. Некуды iграць на зiму нанялiся, мусiць.

Тады раптам адчуў Андрэй нейкi страх перад тым, што гэта ж i тая дзяўчына, мусiць, паехала. Тады стала ясна яму, якi смутак вялiкi ў яго па ёй.

- Тут учора адна вельмi ж скакала.

- Тая яшчэ тут.

- Не паедзе?!

- Паедзе зараз. Яна скакаць i спяваць добра можа. Ого! Хто лепш за яе скача! У горадзе так не ўмеюць скакаць, i яна паедзе туды. Яна артысткай хоча быць... Гэта сястра мая, Нонна...

Апошнiя словы сказаў ён з нейкаю гордасцю, а Андрэй успомнiў, як летам ездзiў ён у горад купляць патрэбныя яму кнiжкi, быў у тэатры i бачыў там на цеснай сцэне танец, шырэйшы за ўсякiя дзiкiя прасторы.



8 из 21