
Ён звесiў ногi з воза, угнуў плечы i заныў так у маўклiвасцi ночы i свае душы. Ён нават не заўважыў, што ў адным акенцы хаты гарыць святло. Пачынала цадзiцца павольнае свiтанне. Зоры радзейшыя сталi. Як бы хто высыпаў неба на ўсходзе белым попелам. I раптам стукнулi сенечныя дзверы. На ганку стаяла босая Волечка.
- Што? - сказаў ён, быццам меў тут права на такi гаспадарскi тон.
Вострая радасць агарнула Волечку: яна не адна, тут ёсць асоба, з якою яны ўчора сталi ўдваiх як бы вялiкiмi на ўвесь свет змоўшчыкамi, разам яны як бы хацелi адгарадзiцца ад усяго свету, якi для iх абаiх быў такiм бязлiтасным. Яна падбегла да яго i паклала руку на яго калена i зашаптала:
- У хаце немец, мусiць, умiрае. Нешта лапоча i нечага хоча, але нi я, нi салдат здагадацца не можам.
Ён саскочыў з воза, i пакуль яна застыла ў нерухомай паставе чакання: што ён будзе рабiць у такой нязвыклай справе. I якраз ён тут павiнен даць рады, а не яна. Вельмi можа быць, што тут, i ўпершыню, у яе з'явiлiся пачаткi спадзявання жанчыны мець дапамогу ад мужчыны i iсцi за iм. Ён жа стаяў i адчуваў цяжар ускладзенага жыццём на яго клопату. Ён мае дачыненне да ўсёй гэтай нечаканай, цяжкай справы, i выйсцi з яе нельга. Раптам ён нейк устрапянуўся i шпарка рушыў у хату. Волька подбегам кiнулася за iм. Немец ляжаў на лаве i шпарка нешта стараўся сказаць. Твар яго яшчэ больш умарнеў, але ўчарашняй вяласцi ў вачах не было. У вачах свяцiўся бляск i, можа, гэта з гарачкi, нiхто тут нiчога не ведаў, i што ён сказаць хацеў - невядома. Салдат сказаў хлопцу:
