Трагiчнае Дунаева прызямленьне, мушу сказаць, выклiкала ў мяне болей усьцехi, чым смутку. Рэч ня ў тым, што ад нараджэньня я быў хлопчыкам нядобрым i злосным. Проста за месяц да таго Хведараўнiн дварняк зьеў на падвячорак майго прывезенага зь вёскi зайца Колю, што пару тыдняў пажыў у скрынцы з-пад яблыкаў, а потым уцёк i днi тры дыхаў воляй, грызучы на гародзе капусту й моркву.

Запуск Дуная ажыцьцявiлi Iльлюша Шэф i Вiця Бундзель. Яны ўжо хадзiлi ў школу i ў iх прачыналiся таленты, што потым прывядуць абодвух у турму. Вiця абрабуе ў Лепелi кватэру i атрымае першы тэрмiн у дзясятай клясе, а Iльлюша сядзе за нешта ўжо ў Iзраiлi, куды ад'едзе з бацькамi i са сваёй адметнаю магамэтанскаю мянушкаю - Мустафа.

Гэта Iльлюша Шэф навучыць мяне вершыка, празь якi я ўпершыню спасьцiгну сiлу паэтычнага слова.

У той вечар бацька прывядзе на вячэру правяральнiка з вобласьцi i за сталом, каб пахвалiцца сынам, мама папросiць пачытаць чужому дзядзьку што-небудзь напамяць. Я выстаўлю адну ножку наперад, закладу рукi за сьпiну i гучна й выразна прадэклямую:

Вот к чему пришла наука:

В космосе летает сука,

Прославляя до небес

Мать твою капээсэс.

Бацька зьменiцца з твару i, ня зводзячы з госьця вачэй, выцягне з форменных пракурорскiх штаноў дзягу. Але дзядзька зарагоча, параiць мне не чытаць гэты вершык у дзiцячым садку i конча здыме напругу, падлiўшы ў чаркi.

Апярэджваючы час, заўважу, што посьпехi СССР у дасьледаваньнi космасу будуць у маiм жыцьцi й надалей зьвязаныя з паэтычнай творчасьцю - або народнай, або маёй уласнаю.

Пасьля палёту Церашковай на дошцы ў нашай клясе зьявiцца новы твор невядомага аўтара. Буйнымi лiтарамi i без памылак хтосьцi вывеў крэйдаю чатыры дастаткова прафэсiйныя радкi:

Валентине Терешковой

За полёт космический

Подарил Хрущев Никита

... автоматический.

Якi падарунак прыпас касманаўтцы Хрушчоў, было, вядома напiсана цалкам.



4 из 11