Гэты вершык бацька знайшоў у маiм скончаным арыфмэтычным сшытку. Мы насiлi тады прывязаныя да партфэляў торбачкi з чарнiлiцамi-каламаркамi i пiсалi драўлянымi асадкамi з жалезнымi пёрамi. Гэтыя пёры вечна заядалi, плявалiся й пырскалiся, i старанна перапiсаны мною твор на касьмiчную тэму аздабляла з паўтузiна кляксаў.

Гiстарычныя крынiцы сьведчаць, што за часамi Вялiкага Княства Лiтоўскага памежная варта айчыны нашых продкаў, каб захаваць у памяцi грамадзянаў дакладную лiнiю мяжы, практыкавала наступны мэтад. Мясцовых падлеткаў з усёй шчырасьцю секлi бiзунамi дакладна на рубяжы дзяржавы. Як пасьля той экзэкуцыi ў сьвядомасьцi да скону заставалiся "сфатаграфаваныя" пад бiзуном межавыя камянi й дрэвы, так пасьля цяжкой бацькавай рукi з папругаю недзе ўва мне назаўжды аддрукавалася старонка з кепскiм словам i падобнай да незнаёмага касьмiчнага сузор'я чародкаю кляксаў.

Мой уласны вершык, складзены з нагоды кружляньня вакол зямное кулi першага трохмясцовага карабля "Ўзыход", вылучаўся першабытнай iдэалягiчнай i лексычнай цнатлiвасьцю. Але пра тое трохi пазьней. Вернемся ў восень, над якою лунала водгульле брэху знакамiтай савецкае сучкi.

Сярод тых, каго ейны палёт уразiў, я перадусiм згадваю яшчэ адну нашую суседку - Розу Саламонаўну Герцыковiч, якая часта заходзiла да маёй мамы паскардзiцца, што яе нявестка, жонка цёткiрозiнага сына Фiмы, "пагульвае" i якая ўпарта клiкала мяне ня Вовам, а Бобам.

Цяпер лiтаральна зь неба звалiлася новая тэма.

Тоўстая, як дзьве цi нават дзьве з паловаю мамы, цётка Роза Герцыковiч не любiла размаўляць стоячы i велiчна апускалася на нашую зялёную канапу, што пад раптоўным цяжарам скурчвалася i жаласна енчыла, быццам жывое стварэньне.

Выгодна ўладкаваўшыся, Фiмава мацi бралася апавядаць неверагодныя рэчы. Яна чула, што неўзабаве ў космас запусьцяць спадарожнiк з мухамi, камарамi, прусакамi й блышчыцамi. На гэта мама зазначала, што прусакоў i блышчыцаў у нас, дзякуй богу, няма. Закрыўшы на нетактоўную заўвагу вушы, цётка Роза Герцыковiч распрацоўвала касьмiчнае радовiшча далей. Паводле яе словаў, усьлед за жамярой у мiжплянэтную прастору стартане спадарожнiк з катамi, потым, як яна казала, "зафугуюць" казу.



5 из 11