
Я нясьмела цiкавiўся пра акварыюмных рыбак. "Вада расплюхаецца", адмахвалася суседка i пасьля казы прадракала палёт карове.
У ейных словах я адчуваў пэўную супярэчнасьць, бо - калi выводзiць на арбiту ўсiх па парадку - пачаць лягiчна было б ня з Лайкi, а сапраўды з мухаў цi нават зь мiкробаў. Але суседку гэткiя тонкасьцi не бянтэжылi, i яна прадказвала, што сьледам за каровамi ў космас пачнуць "фугаваць" крымiнальнiкаў.
Цётка Роза ня ведала, што празь некалькi гадоў Фiма ў адзiн нешчасьлiвы вечар засьпее жонку з палюбоўнiкам i зарэжа нявернiцу кухонным нажом, а таму не ўтаймоўвала сваёй фантазii й сьцьвярджала, што над крымiнальнiкамi ў космасе будуць ставiць разнастайныя экспэрымэнты: кармiць адной кукурузаю цi адным часныком з цукрам, высьвятляць, колькi дзён чалавек вытрымае бязь ежы i колькi без вады; алкашоў будуць нiбыта трымаць на адной гарэлцы, а гвалтаўнiкоў - падвешваць у касьмiчных караблях за яйцы.
Змрочнае суседчына ўяўленьне шырока распроствала крылы, i наступнага дня на дадатак да ранейшых жудасьцяў мы даведвалiся, што касьмiчныя спадарожнiкi з крымiнальнiкамi стануцца мiшэнямi для савецкiх лётчыкаў альбо што яна, цётка Роза Герцыковiч, напiша куды сьлед, каб да крымiнальнiкаў дзеля нейкiх незразумелых мне дасьледаваньняў запусьцiлi ейную нявестку.
На жаль цi на шчасьце, натхнёныя прароцтвы Фiмавай мацi ня спраўдзiлiся. За Лайкай у космас паляцелi ня мухi цi козы, а Белка й Стрэлка. ("I доўга брахалi сабакi Над нашай савецкай зямлёй..." - напiша вядомы дзiцячы паэт.) Катоў, кароў i злачынцаў таксама абмiнулi i на арбiту адразу закiнулi проста чалавека.
Аднойчы на некаторых дамах нашае цiхае вулiцы памянялi шыльдачкi з назваю. Цяпер i наш дом, i школа, дзе я вучыўся ў першай клясе, стаялi, як казала настаўнiца, на вулiцы першага савецкага касманаўта, i таму мы павiнны былi ганарыцца i быць дастойнымi.
