
I ты, ахвяра ўласнага нахабства,
Вар'ятам аглядаеш сьвет фантомаў,
Зьняверлiвы ва ўсiм, ва ўсiх,
Бывай Тантал!
...Булановiч загарнуў кнiгу. Ходзiкi паказвалi другую гадзiну ночы. Хацелася пiць. Босымi нагамi ён патупаў на кухню, пачарпнуў конаўкай з металёвага вядра i прагна, вялiкiмi глыткамi, пачаў глытаць ваду. Халодная вадкасьць наструнiла цела i ён адчуў нэрвовы ток у правай скронi.... Пазаўчора ад гэтай мiлай жанчыны ён даведаўся такое, што другi дзень прымушала яго зноў i зноў вяртацца ў думках да страшных калiзiй пачутага. Штучным сюжэтам кнiжнага аповеду ён паспрабаваў перахiтрыць уражлiвы мозг - з гадзiну вадзiў вачыма па радках кнiгi, ды толькi яшчэ больш разьвярэдзiў душу.... Адмовiцца ад бацькi i прадаць брата, калi той прасiў дапамогi i свой лёс, без ваганьняў, даручыў сястрыцы! Дзе тут здрада, а дзе партыйны абавязак? Хто вораг, а хто не? I што такое суд?
Булановiч уступаў у супярэчлiвасьць з рэчаiснасьцю. Нiчога не замiнала яму рабiць партыйную кар'еру. Ордэнаносьбiт, удзельнiк грамадзянскай, з рабочых, меў адукацыю i практычны розум, хапаў усё на ляту. Такiя людзi патрэбныя новай уладзе. Аднак дзяцюк выразна адчуваў, што нешта ў сярэдзiне супрацiўляецца сацыяльнаму паклiканьню. Нешта нашэптвае, папярэджвае. Булановiч злаваўся i з падвойным iмпэтам браўся за партыйную справу. Новае жыцьцё, якое зацягвала як вiр, на вачох рабiлася цiкавейшым, больш дынамiчным. Сяброўскiя бяседы зь вiном па вечарох, тэатар i кiно ў кампанii з разумнымi, прывабнымi жанчынамi, мiлосныя прыгоды, а днём - калатнеча грамадзкiх справаў па ўсталяваньнi новых адносiнаў мiж людзьмi, адносiнаў братэрства i роўнасьцi. Дзень пралятаў як сон. Рэальнае жыцьцё пачыналася ўвечары. Яно замаруджвалася, як хада шыкоўнага мiжнароднага цягнiка ля соннай станцыi. Лагаднеў бег шалёных хвiлiнаў. Жыцьцё, якое пачынала факусавацца на дробных дэталях, набывала вабнае, юрлiвае аблiчча. Вярталася ўласнае "я", з патаемнымi жаданьнямi, патрабаваньнямi цела i маладой крывi.
