
Час ад часу, калi апаноўвала бессань, Булановiч заплюшчанымi вачыма да драбнiцаў разглядваў адваротны бок Месяца цяпершчыны. У дзяцiнстве, падчас вучобы ў народным вучылiшчы, ён захапiўся чытаньнем, чытаў дзень i ноч, падарожнiчаў зь героямi кнiгаў па далёкiх, дзiўных краiнах, рабiўся сьведкам неверагодных прыгодаў, у думках сягаў у вабнае, паўнавартаснае, шматколернае жыцьцё. А наўкол панаваў шэры сум. Ён адчуваў, што звыклае, рэальнае жыцьцё, якое каструбаватым шаронам пакрывала тутэйшыну да недасяжнага далягляду кепскае, зануднае, разбуральнае. Водсьветы чагосьцi iншага, прывабнага мроiлiся наперадзе. Аднак чым далей Булановiч рухаўся насустрач мройным агеньчыкам, тым часьцей яго наведвалi прыступы пэсы-мiзму. Ён стамляўся ад сяброўскiх вячорак, яго раздражнялi эмансыпаваныя жанчыны ў скуранках, было прыкра назiраць за двулiкасьцю новай улады. Булановiч меў прыстойнае выхаваньне, а сьветлы розум не дазваляў яму па-чорнаму глушыць трывож-ныя падазрэньнi гарэлкай.
Булановiч быў кансэрватарам. Ён любiў упарадкаванае жыцьцё, прыгожае сваiм ладам i сэнсам. А ў гэтай бессэнсоўнай мiтрэнзе, спрадвечныя жыцьцёвыя прызначэньнi, якiя згубiлiся i пераблыталiся памiж другасным i нават шкодным, несьлiся ў нейкую пагiбельную невараць. Дзень рабiўся як страшны сон жорсткiм, па-воўчаму драпежным. А ноч губляла ўсялякiя прыстойныя межы, яна ператваралася ў суцэльную воргiю, пiр сярод чумы.
