Аднак далейшыя падзеi пачалi разгортвацца нечакана для ўсiх. Нават для падсуднага.

Валадар у атачэньнi сьвiты рашучым крокам увайшоў у судовую залю. Воi, што суправаджалi свайго гаспадара, засталiся ля ўваходу. Валадар адзiн прайшоў спамiж скамянелых грамадзянаў, якiя таропка паўскоквалi з лаваў пры ягоным урачыстым наблiжэньнi i замерлi, нiбы ўдзельнiкi дзiцячай гульнi "ў чараўнiка". Ганаровы госьць абмiнуў усiх i прыпынiўся насупраць сына. Валадар сапраўды нагадваў чараўнiка: урачыста апрануты, загорнуты ў крамяны блiскучы чырвоны плашч, якi хаваў затлусьцелыя абрысы цела, таямнiчы, з тэатральна замаруджанымi рухамi, з халодным, адсутным выразам на твары.

Бацька хвiлiну глядзеў у сынавы вочы. Сын, якi да гэтага працягваў сядзець, нетаропка ўзьняўся на ногi, але не выструнiўся як усе, а стаў расслаблена, самавiта, усiм сваiм вiдам як бы тлумачачы прычыну вiзыту высокага госьця.

Як толькi сын узьняўся, валадар павярнуўся да залi i голасна вымавiў: "Dicere jus!"* Рэха суворага голасу паволi абляцела ўсе закуточкi залi - i зноў усталявалася мёртвая цiша.

* Вяршыць суд! (Лац.)

Валадар чакаў. Прысуду? Апраўданьня? Каб гэтае ведалi судзьдзi! Чаго ён чакае? ЧАГО?!

Валадар на нешта спадзяваўся. На водгук, рух, слова, знак? Ён марудзiў.

Кроў ударыла ў ягоны напружаны твар. Ён другi раз выгукнуў: "Fiat justitia, pereat mundus!"* Яшчэ гучней, яшчэ сталёвей.

* Няхай загiне сьвет, але адбудзецца правасудзьдзе! (Лац.)

I адразу воi - нават рэха не суцiшылася мiж скляпеньняў - узьнялi адмысловыя кароткiя мячы ў паветра i мэханiчна, як спрацаваныя сяляне за звыклаю працай, пачалi секчы людзей. Усiх без разбору. УСIХ.

Усчаўся страшэнны вэрхал. Кроў вадалiвамi пырскала ва ўсе бакi.

I толькi дзве постацi стаялi незварушна. Бацька i сын. Бацька адсутным тварам назiраў за пабоiшчам - нiводны мускул валявога твару ня выдаваў душэўны стан валадара. Сына ж трэсла лiхаманка. Дрыжачыя ногi падкошвалiся, твар пабялеў, здавалася, вось-вось яго званiтуе.



6 из 7