
- Мы павiнны добра паводзiць сябе толькi ў цягнiку? - удакладнiў Джонас.
- Не, усюды, - адказаў тата.
Калi цягнiк крануўся, тата памахаў нам рукой, i мы махалi яму ў адказ.
У купэ мы былi амаль што адны, толькi ў апошнi момант у купэ ўцiснуўся нейкi пажылы чалавек. Лота трымала Бэмсi, а я сваю самую вялiкую ляльку, якую звалi Мод Iвон Марлен. У пажылога джэнтльмена была на падбародку бародаўка, i калi ён выйшаў у калiдор, каб паглядзець з акна, Лота выразна прашаптала мацi:
- У гэтага старога чалавека ёсць бародаўка на падбародку.
- Цiха, - сказала мама. - Ён можа пачуць цябе.
Лоту гэта здзiвiла, i яна сказала:
- А хiба ён не ведае, што ў яго ёсць бародаўка на падбародку?
Увайшоў кандуктар, каб сабраць бiлеты. У нас было толькi два бiлеты: адзiн для мацi, другi для Джонаса i мяне.
- Колькi гадоў гэтай дзяўчынцы? - спытаў кандуктар, паказваючы на мяне.
Я адказала, што хутка мне будзе шэсць. Ён не спытаў, колькi гадоў Лоце, таму што было вiдаць, што яна яшчэ занадта маленькая, каб мець бiлет. Да пяцi гадоў бiлет не патрэбны ў тых мясцiнах, дзе мы жывём. Але ж Лота сказала яму:
- Мне чатыры гады, маме - трыццаць два. А гэта - Бэмсi.
Кандуктар засмяяўся ў адказ i сказаў:
- На гэтым цягнiку ўсе Бэмсi могуць ехаць без бiлетаў.
Спачатку мы сядзелi вельмi цiха i глядзелi ў акно. Але неўзабаве мы стамiлiся ад гэтага. Джонас i я выйшлi ў калiдор i пайшлi ў суседняе купэ, дзе пачалi гаворку з людзьмi. Час ад часу мы вярталiся да мамы, каб яна не хвалявалася. Мама была занята тым, што расказвала Лоце цiкавыя гiсторыi, каб Лота сядзела цiха. Яна не хацела, каб наша малая выходзiла ў калiдор, бо нiкому не вядома, што можа зрабiць Лота ў наступную хвiлiну.
- А зараз раскажы мне пра двух казлоў, iнакш я пайду ў калiдор, - гаварыла Лота пасля чарговай мамiнай гiсторыi.
У абед мы елi бутэрброды i пiлi лiманад. Лота ўзяла кавалачак кiлбасы з свайго бутэрброда i прыляпiла яго да акна. Мама вельмi раззлавалася на яе.
