
Гэтымi днямi Джонас i я гулялi ў пiратаў, i мы нiяк не маглi адчапiцца ад Лоты. Тады Джонас спытаў яе:
- Цi ведаеш ты, што трэба рабiць, калi гуляеш у пiратаў?
- Калi ты пiрат, ты ўзлазiш на стол, а потым саскокваеш з яго, - адказала Лота.
- Але ж можна зрабiць i лепш, - сказаў Джонас. - Запаўзцi пад ложак i цiха-цiха ляжаць там.
- Чаму? - спытала Лота.
- Ты толькi ляжыш там, прытвараючыся пiратам, i гаворыш увесь час: "Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi". Гэта якраз тое, што пiраты i робяць, - сказаў Джонас.
I Лота паверыла, што гэта сапраўды так. Яна забралася пад ложак i паўтарала: "Хачу есцi, хачу есцi".
Мы з Джонасам уладкавалiся на стале, якi быў нашым караблём, i паплылi, а Лота тым часам сядзела пад ложкам i бубнiла: "Хачу есцi, хачу есцi". Было нават больш цiкава сачыць за Лотай, чым гуляць у пiратаў.
У рэшце рэшт Лота спытала:
- Як доўга пiратам трэба сядзець пад ложкам, гаворачы гэтыя словы?
- Да калядаў, - адказаў Джонас.
Лота выпаўзла з-пад ложка:
- Я не хачу больш быць пiратам, таму што яны мне не падабаюцца.
Iншы раз Лота - добры памочнiк у нашых гульнях. Напрыклад, калi мы гуляем у анёлаў - у анёлаў-захавальнiкаў. Тады нам патрэбен хтосьцi, каго трэба абаранiць; мы абараняем Лоту. Яна ляжыць у сваiм ложку, а мы стаiм побач i размахваем рукамi, нiбы анёлы, якiя лятаюць i махаюць крыламi. Але Лоце гэтая гульня не падабаецца таксама, таму што яна зноў павiнна ляжаць цiхенька. Гэта тое ж самае, што яна робiць, калi мы гуляем у пiратаў, толькi на гэты раз ёй трэба ляжаць на ложку, а не пад iм.
Часам мы гуляем у бальнiцу. Джонас - урач, я - сядзелка, а Лота - хворае дзiця, якое зноў ляжыць у ложку.
- Зноў мне ляжаць у ложку, - сказала Лота, калi мы неяк папрасiлi яе пабыць хворай. - Я хачу быць доктарам i ўсунуць лыжку ў рот Марыi.
