Другi акт здачы залiку прайшоў настолькi паспяхова, што Завалiшын пачаў днямi не з'яўляцца ў iнтэрнаце, насiць мадняцкiя кашулi i курыць "Mаrlbоrо". На ўсе роспыты ён, як i было загадана, адказваў, што знаходзiцца на спартовых зборах.

Аднак шчаслiвы ўдзельнiк збораў, у якога ўжо нiколi не павiнна было ўзнiкнуць праблемаў з вывучэннем гiсторыi сярэднiх вякоў, на жаль, не збярог свайго шчасця. Ён распiўся, пахвалiўся сябрам спартовымi поспехамi i пачаў дазваляць сабе выказваннi накшталт: "Пайду я сваю старушку трахну".

Зайздроснiкi i зласлiўцы зрабiлi сваю справу. На экзамене ў дацэнта Русаковай Арцiк адхапiў такi непахiсны дваяк, што так i не здолеў пераздаць курс нi сваёй "старушке", нi камiсii, а таму апынуўся спярша на завочным аддзяленнi, а потым i ўвогуле кудысьцi запаветрыў.

Нядаўна адзiн наш былы аднакурснiк нiбыта апазнаў Завалiшына ў верхаводзе рэкецiраў, што адбiралi даляры ў суайчыннiкаў на польскiм баку мяжы. Калi гэта сапраўды быў колiшнi спецыялiст па гiсторыi сярэднявечча, дык на сваёй слiзкай сцежцы ён мае выдатную магчымасць раней цi пазней сустрэцца з падпалкоўнiкам беларускай мiлiцыi Вiктарам Кiшко, якi, па чутках, сваю другую зорку атрымаў за паспяховую барацьбу з тымi, хто напрыканцы васьмiдзесятых размахваў на пляцах бел-чырвона-белымi сцягамi i змагаўся з навукаю, якую выкладаў Юлiк Канапацкi.

Вера Кропелька, паводле адных звестак, выйшла пасля ўнiверсiтэта замуж за мадагаскарскага князя, а паводле iншых - за лепельскага сельгастэхнiка. Будзьма спадзявацца, што ў кожным разе - цi то ў мадагаскарскiм гамаку з матрацам са стравусавага пуху, гледзячы ў цёмнае, як дзёгаць, паўднёвае неба з чужымi сузор'ямi, цi то на мулкiм лепельскiм ложку вытворчасцi сумеснай беларуска-габрэйскай фiрмы з адраджэнскай назваю "Пагоня", з якога вiдаць толькi нiзкая столь стандартнай блочнай кватэры, - Вера належыць выключна свайму мужу. Магчыма, пры гэтым яна настальгiчна прыгадвае будучага (i ўжо былога) выкладчыка навуковага камунiзму Юлiка Канапацкага, што аднойчы як генiй чыстага хараства ўзнiк перад ёю на парозе ўбогага, аздобленага арабескамi цвiлi iнтэрнатаўскага душа. Магчыма, менавiта гэты ўспамiн у цемры задушлiвай мадагаскарскай ночы наймацней лучыць Веру з далёкай халоднай радзiмаю.



10 из 12