
Наогул забег пайшоў Юлiку на карысць. На апошнiм курсе ён здолеў зменшыць дозы i ажанiўся з дачкою прарэктара полiтэхнiчнага iнстытута. У вынiку зрабiўся аспiрантам, нешта абаранiў i неўзабаве паўстаў перад намi ў iпастасi рэспектабельнага выкладчыка навуковага камунiзму ў цесцевай ВНУ. Аднаго разу, калi сентыментальнасць у чарговы раз занесла мяне ў сцены аlma matеr, у калiдоры я сустрэў Юлiка ў сiнiм з iскрынкаю гарнiтуры-тройцы. Паглядзеўшы на ягоны скураны дыпламат на замках з шыфрам, я мiжволi адзначыў, што туды можна лёгка схаваць фугасаў шэсць "Агдаму". Маё бяскрыўднае пытанне наконт таго, калi, паводле ягонае навукi, мы пабудуем светлую будучыню чалавецтва, Юлiку настолькi не спадабалася, што я сфармуляваў наступнае: цi прабегся б ён у чым мацi нарадзiла па нашым пятым гiстфакаўскiм паверсе ад жаночай да мужчынскай прыбiральнi за скрынку каньяку.
- Пайшоў ты на х... - прыцiшана адрэзаў выкладчык навуковага камунiзму...
Цяпер мне здаецца, што забег галяком да жаночага душа - неабходны этап у кар'еры любога выкладчыка навуковага камунiзму. Такiя подзвiгi не мiнаюцца марна.
Трэба сказаць, што жыццё ў Канапацкага пасля яго сустрэчы з распаранай Верай Кропелькай склалася значна больш удала, чым лёс Юлiкавага суседа па пакоi Артура Завалiшына пасля рандэву з выкладчыцай гiсторыi сярэднявечча Русаковай.
Неяк у зiмовую сесiю Арцiк здаваў ёй залiк адным з апошнiх. Маладая дацэнтка паглядзела на рослага бландзiна са значком першаразраднiка на штрыфелi, потым задуменна зiрнула ў вакно, за якiм гусцела бэзавае сутонне, i, распiсаўшыся ў залiкоўцы, папрасiла студэнта правесцi яе дахаты, бо жыла ў слабаасветленым мiкрараёне.
У слабаасветленым мiкрараёне нядаўна разведзеная дацэнтка ўзяла Арцiка пад руку i не адпусцiла ўжо да самых дзвярэй кватэры, за якiмi перад студэнтам узнiк спачатку каньяк, а затым i выкладчыца - ужо ў нечым эфiрна-празрыстым.
