
У той час у нас на гiстарычным факультэце пачаў выходзiць самвыдавецкi лiтаратурны альманах "Мiлавiца". Адзiн з будучых светачаў айчыннай археалогii змясцiў у першым нумары верш:
З сiвых часiн мiнуўшчыны былой,
З мясцiн эгiпецкiх, з далiны Нiла,
Дайшлi да нас паданнi пра чарнiла,
Што пiлi яшчэ чаркаю малой.
Гэта было сказана не пра Кiшко.
Да капейкi прагайдамачыўшы за пару дзён тагачасную трыццацiрублёвую стыпендыю, Вiця яшчэ з дзень ляжаў на ложку, глядзеў у пыльную столь з павутою па кутах i стоена прыслухоўваўся да сваёй 90-кiлаграмовай iстоты. Тая ўсё больш прагна патрабавала есцi. Вiця спускаў з ложка ногi, надзяваў белую нейлонавую кашулю, абуваў чорныя лакiркi, завязваў выйграны ў карты гальштук i з галодным бляскам у вачах блукаў па iнтэрнаце, просячы сала. "Пойдзе i жоўтае", - сцiпла казаў атожылак магнацкага роду.
У нашым пакоi Вiцю неяк пачаставалi пластачкаю сала са зробленым з газетнага фотаздымка выразным адбiткам Брэжнева. Нашчадак каралеўскiх кухмiстраў паклаў сала з партрэтам на хлебную лусту i, не сашкрабаючы генсека, з годнасцю зжаваў, але замест дзякуя паабяцаў, што наступнага разу ўсiх закладзе i нам прышыюць палiтыку.
Узяўшы шэфства над Канапацкiм, Вiця Кiшко выхаваў вучня, што перасягнуў настаўнiка - калi не ў чарнiльных подзвiгах, дзе iснаваў парытэт, дык, прынамсi, у картах, бо Юлiку ўдалося выйграць у Кiшко абое ягоных штаноў. Адыграўшы адны штаны, Вiця затаiўся i чакаў дня помсты.
Гэты дзень надышоў разам з днём стыпендыi, калi Юлiк вярнуўся каля паўночы ў iнтэрнат, вiдавочна не дабраўшы нормы.
- Ёсць гара? - запытаўся ён у Вiцi Кiшко.
- Трымаем, - наструнiўшыся, адказаў той.
Юлiк выцягнуў з кiшэнi скамечаныя грошы.
- Схавай смецце, - з годнасцю, вартай сярэднявечных продкаў, прамовiў Вiця i выставiў свае ўмовы: - Прабяжыш галяком да жаночага душа i назад - стаўлю тры фугасы.
