- Не п....?

- Гадам буду! - Кiшко абражана выцяў сябе кулаком у грудзi.

Юлiк не вагаўся, адно папрасiў дазволу прыкрыцца ручнiком. Iнтэрнатаўскi ручнiк быў не нашмат большы за фiгавы лiсток, прыкрыцца iм можна было толькi з аднаго боку, i Вiця лiтасцiва згадзiўся. Канапацкi, вiдавочна, разлiчваў на тое, што ўжо позна i па калiдоры другога паверха да жаночага душа можна прамчаць, нiкога не сустрэўшы. Ён скiнуў кашулю з порткамi i, застаўшыся ў плаўках, загадаў Вiцю паказаць вiно. Той паставiў на стол тры цёмна-зялёныя фугасы "Агдаму".

Юлiк сцягнуў плаўкi i прымерыў ручнiк, якi, каб абкруцiць вакол магутных Юлiкавых клубоў, трэба было падоўжыць разы ў тры.

- Чакай, - зычлiва спынiў Кiшко, калi Канапацкi ўзяўся за дзвярную ручку. - Глынi для натхнення. - Ён пасунуў да Юлiка адзiн з фугасаў.

Пакуль Юлiк здзiраў полiэтыленавы корак i каўтаў вiно, падступны Вiця вiхурай праляцеў па калiдоры, стукаючы ў дзверы i паведамляючы, што Канапацкi целяшом пабяжыць у жаночы душ.

Калi Юлiк, трымаючы перад сабою ручнiк, ступiў у калiдор, той быў поўны. Падыходзiлi людзi з iншых паверхаў. Да гонару Канапацкага, ён не разгубiўся. Набраўшы поўныя грудзi паветра, ён набычыўся i з дзiкiм крыкам: "Ну, кенты, бля, трымайце мяне!" рынуў наперад.

А сталася так, што ў душавым пакоi, куды пад улюлюканне гледачоў з тарпеднай хуткасцю iмчаў Юлiк, мылася якраз згаданая раней Вера Кропелька. Дакладней, не мылася, а ўжо надзявала на свае распараныя вабноты махровы халацiк, каб адчынiць дзверы якраз у той момант, калi да iх на поўным разгоне, згубiўшы па дарозе выратавальны ручнiк, падлятаў аматар "Агдаму".

У наступнае iмгненне iнтэрнат пачуў роспачнае Верчына верашчанне. Сказаць Юлiку, што яна будзе належаць толькi мужу, Кропелька ўжо не паспела: закацiўшы пажаўцелыя ад жаху вочы, яна цiха аб'ехала па сцяне на брудны лiнолеум.

Дзiўна, але пасля паўночнага забегу Канапацкага з iнтэрната не выселiлi. Яго ўратавала здабытая праз каханку-медсястру даведка, што пад час сесii ён ператамiўся i часова з'ехаў з глузду.



8 из 12