- Тры разы вясельле пераносiлi. Усё цябе чакалi... - усхлiпнула ля вуха сястра i ўсхлiпы гэтыя гарачым рэхвам абхапiлi сэрца. Макар гатовы быў i сам расплакацца, ды, перахапiўшы сябруковы пагляд, сумеўся i паляпаў даланёю па дрогкай Тамарчынай сьпiне.

Пякучая крыўда - на сябе самога - не адпускала i надалей, калi ён рукаўся з жанiхом - хударлявым заморкам у акулярах, левае шкельца ў якiх было трэснутае й падзяляла жанiховае вока на дзьве палавiны; i калi сядаў за вясельны стол, далучыўшы да вiрлiвай гамонкi натужлiвы трэск выхадных штаноў. Пад час службы азадак прыкметна раздаўся, таму штаны i ня вытрымалi напругi.

Яны сядзелi з Васькам у тарцы стала, ваўкавата пазiралi на гасьцей, а калi ў залi завялi музыку i пачалiся танцы, зьбеглi, прыхапiўшы пляшку, у прыбiральню. У прыцемным, няўтульна-халодным катуху яны пiлi нагбом цёплую гарэлiцу, крэкалi, цiснучы да вуснаў рукавы i зацята маўчалi. Маўчалi аж да той пары, пакуль дзьверы прыбiральнi не адчынiлiся i ў пройме ня блiснулi акуляры з трэснутым шкельцам.

- Хлопцы, запалкi ёсьць? - з робленай весялосьцю вымавiў жанiх i Васька Замундалiн злавесна прасiпеў у вадказ:

- Не надоело?

- Што? - не зразумеў жанiх.

- По-белорусски п...ть не надоело?

З проймы вытыркнулася нечая кудлатая галава, пачуўся дзявочы воклiк: "Маладую скралi!" - i аб цэмэнтавую падлогу гучна бразнула недапiтая пляшка.

Макар так i не зразумеў - хто пачаў бойку. Замундалiн ударыў жанiха, цi то наадварот. Ён стаяў, нерухомы, уражана лыпаў вачыма i ачуўся тады, як убачыў юшку пад замундалiнскiм носам. Глынуўшы паветра i мацюкнуўшыся, Макар даў волю сваёй пакрыўджанай душы: з усяго маху заехаў кулаком у твар кудлатаму хлопцу, якi трымаў Ваську за плечы.

Скончылася ўсё несамавiта. Замундалiну расквасiлi нос, жанiху разьбiлi акуляры, а жанiховы сьведка - той самы кудлаты хлопец - патрапiў у больнiцу са страсеньнем мазгоў i з парэзанай аб бутэлечнае шкло галавою.



10 из 20