- А Макарка ж ты мо-ой... А чаму ж цябе не адпускалi-i... - загаласiла мацi i ад таго ляманту ўсхадзiлiся гракi на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзьвярох прыбiральнi, не зашпiлiўшы прарэху.

- Кожны дзянёчак да поезду бегаю, - галасiла мацi i супакоiлася толькi тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкаю.

Расьпiсвалася сяструха праз паўгадзiны, але iсьцi ў загс не выпадала трэба было памыцца, пераапрануцца i наогул прывесьцi сябе ў парадак. Пагатоў на вясельле, як сказала мацi, прыехалi сталiчныя дзеўкi i мальцы.

- Акуратны, непiтушчы... летась iнстытут скончыў, - лапатала мацi, шыбуючы поруч i пры гэтым запабежлiва паглядала ў сынавы вочы - спадзявалася, што ў вачах мiльгане спагада.

Макар iшоў па гразкай вулiцы, кiўком галавы падганяў сябра i стоена ўздыхаў. Ён не любiў iнтэлiгентаў.

Вясельле гралi ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка iхная, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бугальтарам - яна i парупiлася пра памяшканьне. Зь цёткай той хлопцы i рушылi ў сталоўку. I йшлi ня проста так, а зь меднiцай вiнегрэту - яе нёс на галаве Васька Замундалiн, - i зь цяжкою сумкай, у якой зацята бразгалi бутэлькi.

Два гады ня быў Макар у кампанiях i таму, заўважыўшы людзкi збой на ганку сталовай, замарудзiў хаду, перакiнуў з рукi ў руку цяжкую сумку i пацёр навярэджанай даланёю тое месца, дзе бiлася ўсхваляванае сэрца.

Мальцы, якiя стаялi на ганку, былi нетутэйшыя, усе скрозь у крымпленавых пiнжаках, вышываных кашулях i, што самае дзiўнае, усе яны гаманiлi па-беларуску.

"Кампазытары нейкiя" - падумаў тады Макар, скоса зiрнуўшы на Ваську Замундалiна. Два гады ён даводзiў сябру, што ў Азярышчы спрадвеку не было нацыяналiстаў, што беларусы, гэтак жа, як i тулякi, ненавiдзяць лабусаў, а тут... такая неспадзеўка.

Слухаючы кампазытараў, Макар не на жарты расхваляваўся, укiнуў у рот цыгарэту, паднёс запалку i толькi тады заўважыў: прыпалiў фiльтар. У той жа мiг на ганку мiльганула штосьцi белае i на шыi Макаравай павiсла заплаканая Тамарка.



9 из 20