У той жа вечар, пасадзiўшы туляка на цягнiк, Макар падаўся ў вёску, да дзядзькi Трахiма, i вярнуўся ў матчыну кватэру толькi праз год, калi адтуль зьехала сястра са сваiм заморкам.

Перш, чым нацiснуць на званок, ён здаволена адрыгнуў пiўным духам, сплюнуў з языка тытунёвыя крыхi i тады толькi намацаў пальцам пукаты гузiк. Званок, аднак, маўчаў. Ён нацiснуў другiм разам i, хiтнуўшы галавой, пастукаў у дзьверы косткамi пальцаў.

Адчынiў швагрусь не адразу. Доўга завiхаўся з замком, тузаў дзьвярную ручку, нарэшце паўстаў у дзьвярох - расхлiстаны i ўсхваляваны.

- Чаму званок маўчыць? - выдыхнуў Макар, надаўшы голасу жартаўлiва-зухаватыя ноткi.

Швагер вiнавата пасьмiхнуўся, зашпiлiў дрогкiмi пальцамi кашулю на грудзiне i праз хвiлю, ужо з пакою, выгукнуў:

- Зламаўся.

- Дык трэба направiць! - прамовiў госьць i чарговы раз хiтнуў галавою.

Швагер глядзеў тэлевiзар. Сядзеў на хiсткiм табурэце, у мэтры ад экрана, наставiўшы на Макара незагарэлы, падобны да дзiцячай попкi, плех. Такая пастава сьведчыла пра адно - гасьцям у гэтай хаце ня радыя.

- Што паказваюць? - буркнуў госьць i гаспадар, нi слова нi сказаўшы, адхiлiў галаву ад экрана.

Па БэТэ паказвалi нейкага мурлатага прайдзiсьвета.

"Вылiты кныр" - падумаў Макар, стоена адрыгнуўшы пiвам.

Мурлаты кныр сядзеў, раскiнуўшыся ў крэсьле i несупынна бубнеў немаведама пра што.

- Ну i с-сука... цяпер ужо Кебiча хвалiць, - прасiпеў швагер, зварухнуў азадкам i плех ягоны зьлёгку паружавеў.

Сядзець у трыццацiградусную сьпёку i глядзець, разявiўшы рот, тэлевiзар у гэтым было штосьцi ненармальнае. Госьць плюхнуўся на канапу, утаропiў вочы на шваграву сьпiну, дакладней на вострыя лапаткi, што тырчэлi над напятай кашуляй. Яны доўга маўчалi i толькi калi на экране ўзьнiк яшчэ нехта - з клокам рэдкiх валасоў на потным лобе, гаспадар рыпнуў табурэтам i неакрэсьлена прамармытаў:



11 из 20