
- Яшчэ адно пудзiла...
Макар паглядзеў на экран, вывучаючы - адкуль узялiся валасы на потнай лабацiне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў iх аднекуль з-за левага вуха, перанёс цэнтар цела на левую кумпячыну й голасна выдыхнуў:
- Охо-хо-о...
Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але той маўчаў.
- Слухай, а дзе зараз... той хлопец? - вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзiны.
- Якi?
- Ну той, што быў на вясельлi...
Гострыя лапаткi здрыганулiся, ссунулiся блiжэй адна да адной.
- Яго забiлi. У восемдзесят першым годзе.
"Як забiлi? Дзе! У Аўгане? Па п'янцы?" - замiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, Макар удыхнуў паветра, каб спытаць - дзе забiлi кудлатага хлопца? - але не спытаў, прыкусiў вусны i засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае iмгненьне ён сядзеў нерухома, потым нейкая сiла падхапiла Макара на ногi, ён падышоў да тэлевiзара, схапiўся за шнур i выдзер штэпсэль з разэткi.
II
Тупаючы ўздоўж старога, спавiтага густой бярозкай штыкетнiку, яны зазiрнулi ў агарод i там, на бульбянiшчы, убачылi цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спаднiцы, цётка хадзiла па барознах, зьбiраючы ў слоiк "каляраду".
- Цi-оць! - крыкнуў Макар пераселым голасам i адкашляўся.
Цётка абцягнула спаднiцу, зiрнула з-пад рукi i моўчкi кiўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.
Госьцi рушылi да весьнiц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзiн, кiнула слоiк i зашамацела голымi лыткамi па бульбоўнiку. Выбег насустрач i дзядзька Трахiм. Трымаючы ў рукох "Народную газэту", дзядзька з маладым iмпэтам скочыў з ганку i Макар, убачыўшы гэта, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Калi ён прыяжджаў адзiн, дзядзька з цёткай яго так не сустракалi.
Хвiлiн пяць госьцi таўклiся на кухнi, зьелi па гурку, выпiлi па шклянцы сырадою i калi дзядзька Трахiм, якому карцела пагаманiць з разумным чалавекам, прыпалiў папяросу i разам з дымам выдыхнуў: "Ну, як там Пазьняк?" - Макар выйшаў з хаты i палез на гарышча даставаць вудзiльны.
