
Час быў пасляабедзены. Сонца ўжо не палiла так, як ад ранiцы, але ўсё адно было горача i карова Зьвяздоха, вытыркнуўшы зь дзьвярэй хлява вялiзную, зь белай плямай на лобе галаву, засоплена аддзiмалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькавы кот Барыс. Кудлаты "сiбiрак" варушыў канцом хваста й зацята - удосыць напiўшыся сырадою - аблiзваўся.
Карова наставiла на Макара млявыя вочы, разважаючы - хто гэта стаiць пасярод двара? - стоена адрыгнула й блiскучая нiтка сьлiны злучыла шурпаты каровiн язык з разважлiва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, зь недаверам зiрнуў на вудзiльна, - Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, i рушыў у халадок, пад куст парэчак.
"Добра ў вёсцы" - падумаў тады Макар i, уражаны такiм адкрыцьцём, удыхнуў на поўныя грудзi салодкае, настоенае на паху прывялай травы i сырадою, паветра.
... Ён пасьпеў накапаць чарвякоў ля плоту, перш чым пачуў незадаволены дзядзькавы голас:
- Ну, дзе ты?
Воклiч такi сьведчыў пра адно: што на стале ўжо стаялi чыгунок парнай бульбы й мiска з маласольнымi гуркамi, што ў печы ўжо страляла тлушчам яешня са шкваркамi, а цётка Тацяна ўжо выцерла ручнiком i паставiла на стол пляшку гарэлкi.
Так яно i сталася, адно што на стале не было чыгунка. Бульбу з нагоды прыезду iнтэлiгентнага госьця рассыпалi па талерках.
- Ну, а якая на сёньня асноўная задача, - запытаўся дзядзька Трахiм, калi Макар увайшоў у хату.
- Галоўнае - звалiць Кебiча, - азваўся iнтэлiгентны госьць, пацiраючы потную лысiну.
- Звалiм. У нас у Бычках яго нiхто ня любiць, - выдыхнуў дзядзька, падхапiў пляшку i акрыялым голасам дадаў: - Усё будзе добра.
- Глядзiце, каб горай не было, - уставiла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню зь яешняй.
Дзядзька скалупнуў з пляшкi накрыўку, з гiранiчнай усьмешкай перасмыкнуў галавою. Пляшка цюкнула па краi кiлiшка, iнтэлiгентны госьць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён ня п'е, але гаспадар з такой суворасьцю паглядзеў на госьця, што той сумеўся i вiнавата ўздыхнуў.
