- Такой цёмнай бабы, як мая жонка - няма ва ўсiм Азярышчанскiм раёне, пажартаваў дзядзька Трахiм, падымаючы чарку.

Кульнуўшы па першай, дружна захрумсьцелi маласольнымi гуркамi.

- I ўсё ж... дарма Шушку скiнулi... Тут я Пазьняка не разумею, - няўцямна, з набiтым ротам, прагугнеў дзядзька Трахiм i цяпер ужо iнтэлiгенту выпала гiранiчна пасьмiхнуцца.

- Згоднiцтва Станiслава Станiслававiча мяжуе з цынiзмам, - мовiў госьць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбiну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прагугнеў: - Вось за гэта i вып'ем!

Да Гатаўскага возера, калi iсьцi нацянькi - ня болей трох кiлямэтраў. Але лезьцi па кустох, ды яшчэ ўзяўшы чарку, было не з рукi, таму яны пайшлi бальшаком, у спадзеўцы падсесьцi на спадарожную машыну.

Хаця й выпiлi, можна сказаць, па кроплi - на траiх адну пляшку, але швагру й гэтага хапiла: яго матляла ўбокi, акуляры два разы падалi з глюгастага носу i швагер шторазу лавiў iх няўклюднымi рукамi.

"Рупiцца Кебiча скiдаць, а сам ад чаркi валiцца", - падумаў Макар, пачухаўшы вудзiльнам за левым вухам. I яшчэ падумаў, што дарма ня выцягнуў гэтага ёлупня на белы сьвет раней - гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, спахмурнеў i прысьпешыў хаду.

Дзесяць гадоў таму - гэткiм жа сьпякотным лiпеньскiм днём, да iх на будоўлю прыехала чорная "Волга". Начальства i раней завiтвала на аб'ект. Будавалi новую школу й паўшчуваць небараку-прараба прыяжджалi нават абласныя "бугры". Але гэтым разам, зiрнуўшы з вакна трэцяга паверха на блiскучы, падобны да вялiзнага жука, легкавiк, Макар мiжволi сьцепануўся i ў галаве ягонай мiльганула пякельная думка: "За мной!"

Прадчуваньне не падманула. Хтосьцi з рабочых гукнуў ягонае iмя й Макар рушыў на нягнуткiх нагах долу, лiхаманкава згадваючы - колькi машын з рошчынай i цэглай не даехалi апошнiм часам да будоўлi.



14 из 20